Пантыфік: хрысціянін, які хоча абвяшчаць Евангелле, павінен весці дыялог з усімі | Друк |
Слова Папы
08.05.2013 14:30

Пра абвяшчэнне Хрыста казаў папа Францішак падчас святой Імшы ў капліцы Дома св. Марты 8 мая. Па словах Святога Айца, хрысціянін, які хоча абвяшчаць Евангелле, павінен весці дыялог з усімі, усведамляючы, што ніхто не валодае ісцінай, бо яе дае выключна сустрэча з Езусам.

«Хрысціянін павінен абвяшчаць Езуса Хрыста такім чынам, каб Ён быў успрыняты і прыняты, а не адхілены», — заўважыў Пантыфік і нагадаў прыклад апостала Паўла, які ведаў, што абвяшчэнне Хрыста залежыць не толькі ад яго: хоць ён павінен зрабіць усё магчымае, але вырашальная роля належыць Духу Святому.

Поспех св. Паўла, па словах Папы, засноўваўся на прыняцці спосабу дзейнасці Езуса, які «размаўляў з кожным», у тым ліку з грэшнікамі, мытнікамі. «Хрысціянін, які імкнецца несці Евангелле, павінен ісці па гэтым шляху», — адзначыў Пантыфік. Папа Францішак узгадаў сваё дзяцінства, калі з боку католікаў існавала прадузятасць да людзей, якія жылі або думалі па-іншаму: да не маючых каталіцкага шлюбу, сацыялістаў або атэістаў. «Цяпер — дзякуй Богу — ужо больш не гаворыцца гэтае „не” ў адносінах да такіх людзей», — дадаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што прыкладам абвяшчэння Евангелля без празелітызму з’яўляецца менавіта св. Павел, які «разумее, што евангелізацыя — гэта не празелітызм, таму што ён упэўнены ў Езусе Хрысце (...) і яму не трэба шукаць доказаў для сябе». «Калі Касцёл губляе гэтую апостальскую мужнасць — становіцца Касцёлам цвёрдым, Касцёлам упарадкаваным, (..) але не ўрадлівым, бо страчвае мужнасць ісці на перыферыі», — звярнуў увагу Папа.

Пантыфік заклікаў вернікаў прасіць у св. Паўла апостальскай мужнасці і духоўнага запалу да ўпэўненасці ў шляху Хрыста. «Тыя, хто не ідуць, каб не памыліцца, робяць памылку яшчэ больш сур’ёзную», — заключыў Святы Айцец, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by