Папа: хрысціянская радасць выклікана ўпэўненасцю, што Езус з намі | Друк |
Слова Папы
10.05.2013 13:14

Хрысціяне павінны быць сведкамі сапраўднай радасці, якую дае Езус, — звярнуў увагу папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты 10 мая. У гаміліі Пантыфік адзначыў, што хрысціянскую радасць нельга блытаць са звычайнай весялосцю: гэтая радасць больш глыбокая, яна не звязана з пэўнай сітуацыяй ці момантам.

«Весялосць, калі мы хочам жыць ёю заўсёды, напрыканцы ператвараецца ў легкадумнасць, павярхоўнасць і вядзе да згубы хрысціянскай мудрасці, — сказаў Святы Айцец, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё. — Радасць — гэта дар Пана. Яна напаўняе нас унутры. Гэта як намашчэнне Духам. Гэтая радасць выклікана ўпэўненасцю, што Езус з намі і з Айцом».

Таксама Пантыфік звярнуў увагу на небяспеку, звязаную са спробамі захаваць радасць для сябе: паводле Папы, гэтага рабіць нельга, бо ў выніку сэрца чалавека «захварэе», стане абыякавым, а на твары, замест вялікай радасці, з’явіцца настальгія, меланхолія. «Часам меланхалічныя хрысціяне маюць твары, якія больш нагадваюць пра перац у воцаце, чым пра радасць тых, хто мае прыгожае жыццё», — заўважыў Пантыфік і дадаў, што радасць, гэта “цнота пілігрымуючая”, якая заўсёды патрабуе ісці наперад.

Радасць, па словах Папы, вышэй за чалавечыя слабасці, гэта цнота тых, «хто не дазваляе ўцягнуць сябе ў маленькія ўнутраныя сваркі ў супольнасці, Касцёле», але «заўсёды глядзіць на гарызонт». «Гэта дар, які нас вядзе на цноты велікадушнасці», — адзначыў Пантыфік і нагадаў, што велікадушныя хрысціяне заўсёды ідуць наперад, напоўненыя Святым Духам.

Напрыканцы Папа сказаў, што прычынай вялікай радасці для яго з’яўляецца прысутнасць у Рыме Патрыярха Александрыйскага Тавадраса ІІ. Гэта вялікая радасць, таму што «брат прыехаў наведаць Рымскі Касцёл, каб паразмаўляць», каб разам прайсці «частку шляху», — адзначыў Святы Айцец.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by