Святы Айцец: малітва вучыць нас бачыць раны Хрыста на нашых бліжніх | Друк |
Слова Папы
11.05.2013 15:04

На тое, што малітва дазваляе выйсці за ўласныя рамкі, адкрывае на Бога і найбольш патрабуючых, звярнуў увагу папа Францішак падчас Эўхарыстыі 11 мая ў капліцы Дома св. Марты. Пантыфік паразважаў над евангельскімі словамі: «калі чаго ў імя Маё папросіце ў Айца, дасць вам».

Па словах Папы, у іх утрымліваецца канкрэтнае пасланне: «Айцец дасць нам усё, але заўжды ў імя Езуса». «Езус заклікае нас мець давер да сваёй мукі, давяраць Яго перамозе над смерцю, давяраць Яго ранам. Ён святар, і Яго раны – гэта ахвяра. Гэта нас напаўняе даверам і мужнасцю для малітвы», — сказаў Святы Айцец, якога цытуе Ватыканскае радыё. Паводле Пантыфіка, сапраўднай малітвай з’яўляецца зыход з самога сябе да Айца ў імя Езуса, і навучыцца такому «зыходу» можна толькі праз набліжэнне да ранаў асобаў найбольш патрабуючых.

«Калі мы не выходзім за ўласныя рамкі да найбольш патрабуючых братоў: да хворых, бедных, да тых, каго эксплуатуюць, калі мы не здольныя выйсці да іх ранаў, — ніколі не навучымся свабодзе, якая вядзе да зыходу з саміх сябе ў накірунку ранаў Езуса. Існуюць два спосабы зыходу з саміх сябе: адзін – да ранаў Езуса, іншы – да ранаў нашых братоў і сясцёр. І гэта накірунак, якога Езус чакае ад нашай малітвы», — адзначыў Папа.

Святы Айцец заклікаў знаходзіць раны Хрыста на нашых бліжніх, якія «яшчэ нясуць крыж і да гэтага часу не перамаглі, як перамог Езус».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by