Папа: няхай новыя святыя дапамогуць сваім народам з надзеяй глядзець у будучыню | Друк |
Слова Папы
12.05.2013 17:45

12 мая перад малітвай «Rеgina Cаeli» папа Францішак звярнуўся да прадстаўнікоў тых краін, з якіх паходзяць новыя святыя, кананізацыя якіх адбылася ў гэты дзень. «Мучанікі з Атранта няхай дапамогуць дарагому італьянскаму народу з надзеяй глядзець у будучыню, верачы ў блізкасць Бога, які ніколі не пакіне, нават у цяжкія моманты», — сказаў Пантыфік.

Папа выказаў пажаданне, каб дзякуючы заступніцтву св. Лаўры ад Кацярыны Сіенскай «Пан даў новы місіянерскі і евангелізацыйны імпульс Касцёлу» і каб «натхнёныя прыкладам згоды і прымірэння гэтай новай святой, умілаваныя сыны Калумбіі працягвалі працаваць на карысць міру і справядлівага развіцця сваёй краіны». Святой Марыі Гвадалупэ Папа даверыў «усіх бедных, хворых і тых, хто ім дапамагае», просячы яе аб заступніцтве за «шляхетны мексіканскі народ, каб ён перамог насілле і небяспеку і ўсё больш прасоўваўся на шляху салідарнасці і братэрскага суіснавання».

Таксама, як паведамляе Ватыканскае радыё, Святы Айцец прывітаў удзельнікаў «Маршу за жыццё», які раніцай 12 мая прайшоў у Рыме.

Напрыканцы папа Францішак скіраваў да вернікаў свае звычайныя словы: «Добрай нядзелі і добрага абеду!»

(AG)

 
© 2003-2021 Catholic.by