Папа Францішак: Дух Святы вучыць нас памяці | Друк |
Слова Папы
13.05.2013 15:13

«Хрысціянін без памяці — гэта не сапраўдны хрысціянін», — звярнуў увагу папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты 13 мая. У гаміліі Пантыфік узгадаў фрагмент з Дзеяў Апосталаў, дзе гаворыцца пра некаторых вучняў, якія «не чулі, што існуе Святы Дух».

Паводле Папы, гэтыя словы з’яўляюцца актуальнымі і для многіх сучасных вернікаў. «Сёння многія хрысціяне не ведаюць, хто такі Дух Святы і які Ён. Часам можна пачуць: „Я маю добрыя адносіны з Айцом і Сынам, таму што ў „Ойча наш” малюся Айцу, прымаю камунію з Сынам, але са Святым Духам не ведаю, што рабіць...”. Ці кажуць: „Святы Дух — гэта голуб, які дае сем падарункаў”. Так, бедны Дух Святы заўсёды застаецца на апошнім месцы і не знаходзіць належнага месца ў нашым жыцці», — адзначыў Пантыфік, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

Папа Францішак падкрэсліў, што Дух Святы — гэта «Бог, які дзейнічае ў нас», а адным з Яго заданняў з’яўляецца абуджэнне нашай памяці. Сам Езус казаў апосталам напярэдадні Пяцідзясятніцы, што Дух нагадае ўсё, што Ім было сказана, а ў адваротным выпадку хрысціянін можа стаць на «слізкі шлях». «Хрысціянін без памяці — гэта не сапраўдны хрысціянін: гэта мужчына ці жанчына, якія знаходзяцца ў няволі кан’юктуры, моманту; не маюць гісторыі. (...) Менавіта Дух вучыць нас прымаць гісторыю. (...) Памяць аб нашым жыцці, (...) памяць аб моманце, калі атрымалі ласку сустрэчы з Езусам; памяць аб усім тым, што казаў Езус», — адзначыў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу, што Дух Святы вучыць памятаць пра слабасці, якія робяць нас рабамі. «Калі ахоплівае пыха і пачынаеш думаць, што з’яўляешся Нобелеўскім лаўрэатам у святасці, памяць аказвае добрую паслугу, кажучы: памятай, што ты быў узяты з канца статку», — сказаў Папа і заклікаў у малітве прасіць Духа аб ласцы памяці.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by