Папа Францішак: хто аддае жыццё за любоў, ніколі не застанецца самотным | Друк |
Слова Папы
14.05.2013 13:30

Сённяшняму хрысціяніну патрэбна «шырокае сэрца», здольнае любіць, — адзначыў папа Францішак падчас Імшы ў капліцы Дома св. Марты 14 мая. Пантыфік засяродзіў увагу на кантрасце паміж любоўю і эгаізмам.

Паводле Папы, эгаізм, як і ў выпадку з Юдам, прыводзіць да ізаляцыі сумлення, вынікам чаго з’яўляецца здрада Езусу. Калі ж хтосьці сапраўды хоча ісці за Езусам, павінен не хаваць сябе, як нейкі скарб, а дарыць іншым. Юда, як адзначыў Святы Айцец, замкнуўся ў сваёй адзіноце, і менавіта гэтае эгаістычнае стаўленне вырасла «да здрады Езусу».

Эгаіст «дрыжыць над сваім жыццём, расце ў сваім эгаізме і становіцца здраднікам, але заўсёды ў адзіночку», — падкрэсліў Пантыфік і дадаў, што той, хто «аддае сваё жыццё за любоў, ніколі не застанецца самотным». Таксама Папа заўважыў, што той, хто «ізалюе сябе ў сваёй эгаістычнай свядомасці», заўсёды губляе.

Так яно і скончылася для Юды, які, па словах Папы, «быў ідалапаклоннікам, прывязаным да грошай». Гэтае ідалапаклонства «прывяло яго да ізалявання сябе ад супольнасці — гэта драма ізаляванай свядомасці». «Калі хрысціянін пачынае ізаляваць сябе, ізалюе сваю свядомасць ад пачуцця супольнасці, пачуцця Касцёла, любові Езуса», ён заўсёды губляе, так, як згубіў Юда, — дадаў Пантыфік, словы якога прыводзіць Ватыканскае радыё.

Папа Францішак заклікаў прасіць Духа Святога даць кожнаму «шырокае сэрца», каб быць у стане любіць і вызваліцца ад шляху эгаізму, «які ў канчатковым выніку заканчваецца дрэнна».

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by