Папа Францішак: Дух Святы ўлівае ў нашы сэрцы мову любові | Друк |
Слова Папы
22.05.2013 12:43

«Дух Святы дае жыццё Касцёлу і кіруе яго крокамі», — адзначыў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 22 мая. Працягваючы разважанні над Сімвалам веры, Пантыфік нагадаў, што ў яго тэксце адразу пасля вызнання веры ў Духа Святога ёсць словы: «Веру ў адзіны святы каталіцкі і апостальскі Касцёл».

«Існуе глыбокая сувязь паміж гэтымі дзвюма рэальнасцямі веры: гэта Дух Святы дае жыццё Касцёлу і кіруе яго крокамі. Без пастаяннай прысутнасці і дзейнасці Духа Касцёл не зможа жыць і рэалізоўваць заданне, якое ўваскрослы Езус даверыў яму: ісці і навучаць усе народы», — сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што абавязак евангелізацыі ляжыць на ўсіх членах Касцёла. «Кожны павінен евангелізаваць, перш за ўсё сваім жыццём!» — адзначыў Пантыфік і нагадаў словы Паўла VI пра тое, што «евангелізацыя — гэта ласка і пакліканне Касцёла, яго самая глыбокая ідэнтычнасць».

Папа Францішак адзначыў фундаментальную ролю Духа Святога, які мабілізуе да абвяшчэння Евангелля. «Для таго, каб евангелізаваць, неабходна яшчэ раз адкрыцца на дзейнасць Духа, не баючыся таго, аб чым Ён папросіць і куды павядзе. Будзем жа давяраць Яму! Ён зробіць нас здольнымі жыць і сведчыць аб нашай веры, асвеціць сэрцы тых, каго сустрэнем», — заахвоціў Пантыфік, дадаўшы, што Дух, сыходзячы на апосталаў, дазволіў ім выйсці з памяшканняў, у якіх яны зачыніліся ад страху, дазволіў ім выйсці па-за сябе, перамяніў іх у прапаведнікаў і сведкаў «вялікіх справаў Божых».

Папа звярнуў увагу на плёны дзейнасці Духа Святога, першым з якіх з’яўляецца адзінства, камунія. Паводле біблійнага апавядання, падзелы паміж людзьмі былі вынікам «пыхі і ганарлівасці чалавека, які хацеў пабудаваць без Бога, сваімі ўласнымі сіламі, горад і вежу, вяршыня якой дакранаецца неба». «У Пяцідзясятніцу гэтыя падзелы былі пераадолены. Няма больш пыхі ў адносінах да Бога, закрытасці ў адносінах да іншых, але ёсць адкрытасць на Бога, гатоўнасць выйсці, каб абвяшчаць Яго слова: новая мова любові, якую Дух Святы ўлівае ў нашы сэрцы; мова, якую ўсе могуць зразумець і якая, калі прымаецца, можа знайсці выраз у любым месцы і любой культуры», — сказаў Папа.

Другім плёнам сашэсця Святога Духа на апосталаў з’яўляецца, паводле Пантыфіка, адвага ў абвяшчэнні Добрай Навіны ўсім, «са шчырасцю і гучным голасам». Гэта «адбываецца таксама сёння ў Касцёле і ў кожным з нас: дзякуючы полымю Пяцідзясятніцы, дзейнасці Духа, пастаянна вызваляецца новая місійная энергія, адкрываюцца новыя шляхі для абвяшчэння паслання збаўлення, новая адвага для евангелізацыі». «Не будзем жа ніколі закрывацца на гэтую дзейнасць. Будзем жыць Евангеллем з пакорай і мужнасцю! Будзем сведчыць аб навіне, надзеі, радасці, якія Пан уносіць у наша жыццё. Адчуем у нас салодкую і суцяшаючую радасць евангелізацыі», — заклікаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу таксама на малітву «аб полымі Духа Святога». «Толькі верныя і глыбокія адносіны з Богам дазваляюць выйсці з уласнай закрытасці і шчыра абвяшчаць Евангелле. Без малітвы наша дзейнасць становіцца пустой, а прапаведванне не мае душы, не натхняецца Духам», — адзначыў Святы Айцец, чые словы прыводзіць Ватыканскае радыё.

(AG)

 
© 2003-2026 Catholic.by