Святы Айцец: хрысціянін не павінен забываць, што Езус — цэнтр яго жыцця | Друк |
Слова Папы
07.09.2013 15:08

Хрысціянін ніколі не павінен забываць, што цэнтрам яго жыцця з’яўляецца Езус Хрыстус, — сказаў Папа Францішак падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 7 верасня. Пантыфік падкрэсліў, што неабходна пераадольваць спакусы быць «хрысціянамі без Езуса» ці «хрысціянамі, якія шукаюць толькі пабожнасці, але Езус у ёй не існуе».

Па словах Папы, Езус з’яўляецца адзіным цэнтрам жыцця вернікаў і Панам, які нас нараджае і ўвесь час нанава стварае. Пантыфік звярнуў увагу, што фарысеі, аб якіх гаворыць Евангелле гэтага дня, мелі ў «цэнтры сваёй рэлігіі шмат запаведзяў». «Таксама і сёння, калі Езус не будзе ў цэнтры нашага жыцця, то яго зоймуць іншыя рэчы. Таму мы сустракаем шматлікіх хрысціян, якія не жывуць Хрыстом», — сказаў Папа.

Паводле Пантыфіка, існуюць і такія хрысціяне, якія не толькі жывуць без Хрыста, але і шукаюць у жыцці толькі рытуалу пабожнасці, але Езус для іх не існуе. Ёсць і такая група хрысціян, якая шукае сенсацый і прыватных аб’яўленняў. Папа папярэдзіў, што такія хрысціяне жадаюць толькі «відовішчаў і навізны і каб іх заўважылі, а трэба адно - звярнуцца да Евангелля».

«Але якой рэгулай кіравацца, каб быць хрысціянінам з Хрыстом, а не стаць хрысціянінам без Хрыста? (…) Правіла простае: важна толькі тое, што вядзе цябе да Езуса, і важна толькі тое, што прыносіць Езус. Езус з’яўляецца цэнтрам, Панам, як кажа ён сам. Гэта прыводзіць цябе да Езуса? Ідзі наперад. Гэтая запаведзь, гэтае стаўленне зыходзіць ад Езуса? Смела ідзі ўперад. Але калі не вядзе цябе да Езуса і не прыходзіць ад Езуса ... гэта крышку небяспечна», — сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што знак таго, што хрысціянін жыве з Езусам, даў нам чалавек, сляпы ад нараджэння, які стаў на калені перад Езусам, каб пакланіцца Яму.

Паводле Пантыфіка, калі чалавеку не ўдаецца ўшаноўваць Езуса, яму нечага не хапае. «Чалавек ёсць добрым хрысцінінам, знаходзіцца на шляху добрага хрысціяніна, калі выконвае тое, што прыходзіць ад Езуса, і робіць тое, што вядзе яго да Езуса, таму што Ён з’яўляецца цэнтрам», — сказаў на заканчэнне Папа.

Паводле Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2026 Catholic.by