Раніцай 17 снежня, у дзень свайго нараджэння, Святы Айцец Францішак цэлебраваў Імшу, на якую запрасіў персанал Дома св. Марты. Пантыфік адзначае 77-годдзе.
Па словах Папы, чытанне Евангелля гэтага дня, якое прадстаўляе поўную генеалогію Езуса, нагадвае аб тым, што Бог цалкам увайшоў у гісторыю чалавека. Некаторым, адзначыў Пантыфік, можа здацца, што пералік імёнаў продкаў Хрыста — нейкі “тэлефонны даведнік”, але гэта не так. “Бог пажадаў здзяйсняць гісторыю. З намі. Ён здзейсніў падарожжа з намі”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа дадаў, што “Бог не хацеў прыйсці, каб збавіць нас, без гісторыі” — “Ён пажадаў рабіць гісторыю разам з намі”, гісторыю, “якая ідзе ад святасці да граху”. У гэтым спісе ёсць святыя, “але ў ім таксама і мы, грэшнікі”, сказаў Папа і ўзгадаў постаць біблійнага Саламона. “Мы пішам гэту гісторыю ласкі і граху, і Бог сярод нас”, што з’яўляецца пацвярджэннем Яго пакоры, цярпення і любові, адзначыў Пантыфік і дадаў, што Бог рады “дзяліць сваё жыццё з намі”.
“У абліччы Божага Нараджэння варта падумаць, што, калі Ён ажыццяўляў сваю гісторыю з намі, калі Ён узяў наша прозвішча, калі Ён дазволіў нам пісаць сваю гісторыю, па меншай меры, давайце дазволім Яму пісаць нашу гісторыю”, - заклікаў Святы Айцец і адзначыў, што гэта яго святочнае пажаданне для ўсіх. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|