Папа Францішак: сапраўдная патрэба чалавека — прабачэнне | | Друк | |
Слова Папы |
30.03.2016 14:58 |
«Гаворка ідзе пра пакаянную малітву, дзе просьбе аб прабачэнні папярэднічае вызнанне віны, праз якое той, хто моліцца, дазваляючы любові Пана ачысціць сябе, становіцца новым стварэннем, здольным да паслухмянасці, цвёрдасці духу і шчырага праслаўлення», — нагадаў Папа. Гэты псальм тычыцца сітуацыі караля Давіда, пакліканага Богам пасвіць Яго статак і весці яго сцежкамі паслухмянасці Божаму закону. Ён, аднак, здрадзіў гэтай сваёй місіі праз грэх чужаложства і арганізацыю забойства. Прарок Натан адкрыў каралю вочы і дапамог прызнаць правіны. «Гэта момант прымірэння з Богам праз вызнанне ўласнага граху», — патлумачыў Пантыфік. «Той, хто моліцца гэтым псальмам, пакліканы мець тыя ж пачуцці пакаяння і даверу Богу, якія меў Давід, калі паглядзеў на сябе і, нават будучы каралём, без страху ўпакорыўся, каб вызнаць свае правіны і прадэманстраваць уласную убогасць Пану, з цвёрдай упэўненасцю ў Яго міласэрнасці. А грэх, які ён учыніў, не быў маленькім падманам. Гэта былі чужаложства і забойства», — сказаў Святы Айцец. Папа Францішак заўважыў, што мэта звароту да міласэрнага Бога заключаецца ў тым, каб Ён з любоўю, падобнай да любові бацькі або маці, змілаваўся, выявіў сваю ласкавасць, паказаў сваю прыхільнасць, добразычлівасць і спагаду. «Гэта пакаяльны заклік да Бога — адзінага, хто здольны вызваліць ад граху»,— падкрэсліў Пантыфік. «У гэтай малітве праяўляецца сапраўдная патрэба чалавека. Адзінае, у чым мы маем патрэбу ў нашым жыцці — гэта быць прабачанымі, вызваленымі ад зла і яго смяротных наступстваў. На жаль, жыццё нас часта ставіць перад абліччам такіх сітуацый, але ў іх мы, перш за ўсё, павінны давяраць міласэрнасці. Бог — большы за наш грэх. Не будзем забывацца пра гэта: Бог большы за наш грэх (...), а Яго любоў — гэта акіян, у які можам пагрузіцца, не баючыся патануць: прабачыць для Бога азначае даць нам упэўненасць у тым, што Ён нас ніколі не пакіне. Што б мы ні ставілі сабе ў віну, Ён заўсёды большы за гэта», — адзначыў Святы Айцец. Чалавек, які моліцца псальмам «Miserere», падкрэсліў Папа, шукае прабачэння, спавядаецца ў сваіх грахах, а прызнаючы іх, святкуе справядлівасць і святасць Бога, просіць аб ласцы і міласэрнасці. «Псальміст давярае дабрыні Бога. Ён ведае, што Божае прабачэнне ў вышэйшай ступені плённае, бо здзяйсняе тое, аб чым кажа. Яно не хавае граху, але знішчае яго, змывае. Змывае яго ў корані, а не так, як адбываецца ў хімчыстцы, калі прыносім адзенне і нам выводзяць пляму. Не! Бог змывае наш грэх цалкам! Таму пэнітэнт зноў ачышчаецца, кожная пляма знішчаецца і ён становіцца бялей за самы чысты снег (...). Мы, грэшнікі, дзякуючы прабачэнню становімся новым стварэннем, напоўненым духам і радасцю. Цяпер перад намі пачынаецца новая рэальнасць: у нас — новае сэрца, новы дух, новае жыццё», — сказаў Папа. Пантыфік заклікаў вернікаў пасля падзення ў грэх не баяцца працягнуць руку да Бога, які заўсёды дапаможа і сваім прабачэннем верне страчаную годнасць. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |