Папа Францішак да зняволеных: дыхайце надзеяй | | Друк | |
Слова Папы |
08.11.2016 12:42 |
Каля 4 тысяч чалавек з розных краін свету — вязні і іх родныя, турэмныя капеланы і наглядчыкі — прынялі ўдзел у юбілеі вязняў, што праходзіў 5-6 лістапада ў Рыме ў межах Юбілейнага Года Міласэрнасці. 6 лістапада зняволеныя прысутнічалі на святой Імшы ў базыліцы св. Пятра, якую ўзначаліў папа Францішак. «Няхай ніхто з вас не закрыецца ў сваім мінулым! — заклікаў падчас гаміліі Пантыфік. — Гісторыя пачынаецца сёння, яна звернута ў будучыню, яе яшчэ трэба будзе напісаць — з Божай дапамогай і дзякуючы вашай асабістай адказнасці». «Дарагія зняволеныя, сёння дзень вашага юбілею! — працягваў Святы Айцец. — І няхай сёння, у прысутнасці Бога, для вас запаліцца надзея! Адна рэч — што мы заслугоўваем за ўчыненае зло, але зусім іншая рэч — дыхаць надзеяй, якую не можа задушыць нічога і ніхто».
Пасля заканчэння літургіі, у прамове падчас малітвы «Анёл Панскі» Папа ізноў закрануў тэму турэмнага зняволення і заклікаў «палепшыць умовы жыцця ў турмах па ўсім свеце, каб праяўляць у поўнай меры павагу да чалавечай годнасці зняволеных». «Я хацеў бы яшчэ раз падкрэсліць важнасць разважання пра неабходнасць такога крымінальнага правасуддзя, якое было б не толькі карным, але і адкрытым на надзею і на перспектыву рэінтэграцыі ў грамадства чалавека, які спатыкнуўся», — дадаў Пантыфік. Звяртаючыся да кампетэнтных дзяржаўных органаў усіх краін свету, Святы Айцец падаў на разгляд «магчымасць здзейсніць у гэты Юбілейны Год Міласэрнасці акт памілавання ў адносінах да тых зняволеных, якія маюць права скарыстаць з такой меры». Паводле sib-catholic.ru |