Святы Айцец Францішак да англіканскай супольнасці: будзем натхняць адно аднаго быць вернымі вучнямі Езуса | Друк |
Слова Папы
28.02.2017 14:55

26 лютага Святы Айцец Францішак наведаў з візітам англіканскую супольнасць у рымскім касцёле All Saints’ (Усіх святых) з нагоды яе 200-ых угодкаў.

Набажэнства, якое адзначалася тыповымі элементамі англіканскіх спяваных Нешпараў, распачалося з прывітання вялебнага Робэрта Іннэса, англіканскага біскупа Еўропы, і вялебнага Джонатана Бордмана, капэлана англіканскага касцёла. Потым Святы Айцец з дапамогаю святога алею і акаджэння асвяціў абраз Хрыста Збаўцы і разам з біскупамі запаліў перад абразом свечы. Цэлебрацыю працягнула аднаўленне хросных абяцанняў, якое па-італьянску і па-ангельску правялі Папа Францішак і Робэрт Інэс.

Пасля чытання з Другога паслання да Карынцянаў Святы Айцец прамовіў гамілію.

Нарэшце, перад тым, як абмяняцца падарункамі, Святы Айцец паразмаўляў з некалькімі прадстаўнікамі англіканскай супольнасці.


Гамілія Папы Францішка

Дарагія браты і сёстры,

дзякуй вам за ласкавае запрашэнне разам адзначыць гэтую парафіяльную гадавіну. Ужо больш за дзвесце гадоў мінула з таго часу, калі ў Рыме ўпершыню адбылося публічнае англіканскае літургічнае служэнне для групы выхадцаў з Англіі, якія жылі ў гэтай частцы горада. З таго часу шмат што змянілася ў Рыме і ў свеце. На працягу гэтых двух стагоддзяў шмат што змянілася таксама ва ўзаемаадносінах паміж англіканамі і католікамі, якія ў мінулым глядзелі адны на другіх з падазронасцю і варожасцю; сёння ж, дзякуй Богу, мы прызнаем адны другіх, як гэта і ёсць насамрэч, братамі і сёстрамі ў Хрысце дзякуючы нашаму агульнаму хросту. Як сябры і пілігрымы мы жадаем ісці разам, разам наследаваць нашага Пана Езуса Хрыста.

Вы запрасілі мяне асвяціць новы абраз Хрыста Збаўцы. Хрыстус глядзіць на нас, а Ягоны позірк, скіраваны на нас, гэта позірк збаўлення, любові і спачування. Гэта той самы позірк, поўны міласэрнасці, што прасякнуў сэрцы Апосталаў, якія распачалі шлях новага жыцця, каб ісці за Настаўнікам і абвяшчаць Яго. Здаецца, што ў гэтай святой выяве Езус, гледзячы на нас, таксама і да нас скіроўвае заклік, запытанне: «Ці здольны ты пакінуць штосьці са свайго мінулага дзеля Мяне? Ці хочаш быць пасланцом Маёй любові, Маёй міласэрнасці?»

Божая міласэрнасць — гэта крыніца ўсяго хрысціянскага служэння. Нам кажа гэта святы Апостал Павел, звяртаючыся да карынцянаў у пасланні, урывак з якога мы толькі што пачулі. Ён піша: «Таму, маючы з міласэрнасці Божай такое служэнне, мы не губляем адвагі» (пар. 2 Кар 4, 1). Сапраўды, святы Павел заўсёды меў няпростыя адносіны з супольнасцю ў Карынце, як гэта відаць з ягоных пасланняў. Адбыліся таксама балючыя наведзіны гэтай супольнасці і пісьмовы абмен палкімі словамі. Але ў гэтым урыўку мы бачым, як Апостал пераадольвае мінулую нязгоду і, перажываючы сваё служэнне ў духу атрыманай міласэрнасці, не адступае перад падзеламі, але намагаецца дасягнуць паяднання. Калі мы, супольнасць ахрышчаных хрысціянаў, сутыкаемся з непаразуменнямі і становімся перад міласэрным абліччам Хрыста дзеля таго, каб іх пераадолець, мы паступаем менавіта так, як зрабіў святы Павел у адной з першых хрысціянскіх супольнасцяў.

Як Павел прыступае да выканання гэтага задання, з чаго ён пачынае? З пакоры, якая з’яўляецца не толькі прыгожаю цнотаю, але і справай самасвядомасці: Павел успрымае сябе ў якасці служыцеля, які абвяшчае не сябе, а Езуса Хрыста, Пана (пар. 2 Кар 4, 5). Ён здзяйсняе гэтае служэнне ў духу міласэрнасці, якая была яму аказана (пар. 2 Кар 4, 1); ён грунтуецца не на сваім майстэрстве і не разлічвае на ўласныя сілы, але з даверам спадзяецца на тое, што Бог глядзіць на яго і міласэрна падтрымлівае яго ў ягонай слабасці. Стаць пакорнымі і перастаць лічыць сябе галоўнымі, выйсці з цэнтра, прызнаць сваю патрэбу ў Богу, вымольваць міласэрнасць, як жабрак, — гэта зыходны пункт для таго, каб менавіта Бог пачаў дзейнічаць. Адзін старшыня Сусветнай рады Касцёлаў прадставіў хрысціянскую евангелізацыю ў вобразе, калі «адзін жабрак кажа другому жабраку, дзе знайсці хлеб» (Д-р. Д.Т. Найлс). Мяркую, што святы Павел быў бы з гэтым згодны. Ён адчуваў сябе «насычаным міласэрнасцю» і перадусім дзяліўся з іншымі сваім хлебам: радасцю быць узлюбленымі Айцом і любіць Яго.

Гэта нашае самае каштоўнае дабро, наш скарб, і ў сувязі з гэтым святы Павел прыводзіць адзін са сваіх найбольш вядомых вобразаў: «Мы маем скарб у гліняных начыннях» (пар. 2 Кар 4, 7). Мы ўсяго толькі гліняныя начынні, але захоўваем у сабе самы вялікі скарб у свеце. Карынцяне цудоўна ведалі, што неразумна захоўваць каштоўныя рэчы ў гліняных начыннях, якія мала каштавалі, але лёгка разбіваліся. Трымаць у іх штосьці каштоўнае азначала пагрозу згубіць гэта. Павел, памілаваны грэшнік, з пакораю прызнае, што і сам ён такі ж крохкі, як глінянае начынне. Але ён перажыў і ведае, што менавіта там, дзе чалавечая нікчэмнасць адкрываецца для міласэрнага дзеяння Бога, Пан творыць цуды. Так дзейнічае «веліч моцы» Божай (пар. 2 Кар 4, 7).

З даверам да гэтай пакорнай моцы, Павел служыць Евангеллю. Звяртаючыся да сваіх апанентаў у Карынце, ён называе іх «вялікімі Апосталамі» (пар. 2 Кар 12, 11), магчыма, і з пэўнай іроніяй, з-за таго, што яны крытыкавалі яго за ягоныя слабасці, ад якіх лічылі сябе вольнымі. Аднак Павел навучае, што толькі калі мы прызнаем сябе крохкімі глінянымі начыннямі, грэшнікамі, заўжды патрабуючымі міласэрнасці, Божы скарб трапляе ў нас і дзякуючы нам таксама на іншых. У адваротным выпадку мы будзем напоўненыя толькі нашымі ўласнымі каштоўнасцямі, якія псуюцца і разбураюцца ў прыгожых з выгляду начыннях. Калі мы прызнаем сваю слабасць і папросім прабачэння, тады аздараўляльная міласэрнасць Бога заззяе ў нас і стане бачнай таксама звонку; іншыя, у пэўным сэнсе, дзякуючы нам, заўважаць цудоўную прыгажосць аблічча Хрыста.

У пэўны момант, магчыма, найбольш складаны ў адносінах з супольнасцю ў Карынце, Павел адмяніў наведзіны, якія меўся здзейсніць туды, адмовіўшыся таксама ад ахвяраванняў, якія павінен быў атрымаць (пар. 2 Кар 1, 15–24). У супольнасці існавала напружанасць, але за ёй не засталося апошняе слова. Адносіны нармалізаваліся і Апостал прыняў ахвяраванні, прызначаныя на дапамогу Касцёлу ў Ерузалеме. Хрысціяне Карынта зноў пачалі супрацоўнічаць разам з іншымі наведанымі Паўлам супольнасцямі, каб дапамагчы тым, хто меў у гэтым патрэбу. Гэта — магутны знак адноўленай еднасці. Таксама і тую дзейнасць, якую вашая супольнасць вядзе разам з іншымі англамоўнымі супольнасцямі тут, у Рыме, можна разглядаць такім жа чынам. Сапраўдная і трывалая еднасць узрастае і ўмацоўваецца тады, калі людзі разам дзейнічаюць на карысць патрабуючым. Дзякуючы супольнаму сведчанню любові, міласэрнае аблічча Хрыста становіцца бачным у нашым горадзе.

Католікі і англікане, мы з пакораю ўдзячныя за тое, што пасля стагоддзяў узаемнага недаверу мы сёння ў стане прызнаць, што плённая ласка Хрыста дзейнічае таксама і ў іншых. Падзякуем Пану за тое, што сярод хрысціянаў павялічылася жаданне большай блізкасці, што выяўляецца ў супольнай малітве і ў супольным сведчанні Евангелля, асабліва ў розных формах служэння. Часам прагрэс на шляху да поўнага адзінства можа здавацца павольным і няпэўным, але сёння мы можам зачэрпнуць аптымізм з нашай сустрэчы. Упершыню біскуп Рыма наведвае вашую супольнасць. Гэта — ласка, а таксама і адказнасць: адказнасць за развіццё нашых адносінаў на хвалу Хрыста, дзеля служэння справе Евангелля і гэтаму гораду.

Будзем заахвочваць адны другіх да таго, каб станавіцца ўсё больш вернымі вучнямі Езуса, усё больш свабоднымі ад узаемнай прадузятасці мінулага і ўсё больш рашучымі ў малітве адны за другіх. Прыгожым знакам гэтага імкнення стала «пабрацімства» паміж вашай парафіяй All Saints’ (Усіх святых) і каталіцкай парафіяй Усіх святых. Святыя ўсіх хрысціянскіх веравызнанняў, з’яднаныя ў Нябесным Ерузалеме, няхай адкрыюць для нас дарогу, каб тут, на зямлі, прайсці ўсе магчымыя сцежкі братняга і супольнага хрысціянскага шляху. Там, дзе людзі збіраюцца ў імя Хрыста, Ён сам знаходзіцца сярод іх (пар. Мц 18, 20), і скіроўваючы свой міласэрны позірк, заклікае імкнуцца да адзінства і да любові. Няхай Божае аблічча ззяе над вамі, над вашымі сем’ямі і над усёй гэтай супольнасцю!

Дк. Мікола Гракаў

 
© 2003-2024 Catholic.by