Папа Францішак да партугальцаў: «Мне патрэбна ваша адзінства, я даручу вас Марыі» | Друк |
Слова Папы
12.05.2017 08:47

«Я хацеў бы прыбыць да Божай Маці як Пастыр паўсюднага Касцёла, дорачы ёй букет з самых прыгожых “кветак”, які Езус даручыў маёй апецы, — братоў і сясцёр з усяго свету, адкупленых Яго крывёю, не выключаючы нікога», — сказаў папа Францішак у відэа-звароце да партугальцаў за некалькі дзён да сваёй пілігрымкі ў марыйны санктуарый у Фаціме.

Святы Айцец прылятае ў Фаціму сёння, 12 мая, і будзе там знаходзіцца да 13 мая. Візіт стане кульмінацыяй святкавання 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай.

«Мне патрэбныя вы ўсе, паяднаныя са мной. Мне патрэбна вашае адзінства, фізічнае або духоўнае, важна, каб яно сыходзіла ад сэрца, каб стварыць мой букет кветак, маю “залатую ружу”. Ствараючы з нас “адно сэрца і адну душу”, я даручу вас Панне Марыі, просячы яе, каб яна кожнаму ціха сказала: “Маё Беззаганнае Сэрца будзе для цябе сховішчам і шляхам, які прывядзе да Бога», — сказаў Папа.

Паводле Францішка, дэвіз пілігрымкі — «З Марыяй, пілігрым надзеі і міру» — змяшчае «цэлую праграму навяртання». Ён падзякаваў за «малітвы і самаадрачэнне», ахвяраваныя за яго, і прызнаўся, што мае патрэбу ў іх, будучы «грэшнікам сярод грэшнікаў». «Малітва асвятляе мае вочы, каб я мог убачыць іншых так, як бачыць іх Бог, каб любіў іншых так, як Ён любіць іх. У Яго імя я прыбуду да вас радасна дзяліцца Евангеллем надзеі і спакою. Няхай Пан благаславіць вас, а Найсвяцейшая Маці абароніць вас!» — завяршыў Францішак сваё кароткае відэа-пасланне.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by