У Апостальскай Сталіцы з’явіцца фонд па справах дыялога з няверуючымі | Друк |
Рымская курыя
25.02.2010 17:19

У Апостальскай Сталіцы працягваюцца мерапрыемствы па ўтварэнні ведамства, адказнага за правядзенне дыялога паміж Каталіцкім Касцёлам і няверуючымі. Аб гэтым паведаміў італьянскаму выданню «Avvenire» старшыня Папскай рады па культуры арцыбіскуп Джанфранко Равасі.

Па словах ватыканскага іерарха, падрыхтоўцы да ўтварэння адпаведнай арганізацыі, якая будзе мець назву «Двор язычнікаў», папярэднічаў зварот Святога Айца Бэнэдыкта XVI да Рымскай Курыі 21 снежня 2009 г. Папа адзначаў неабходнасць распачацця дыялога з няверуючымі асобамі, якія жадаюць наблізіцца да Бога. Мэтай новай інстытуцыі будзе стварэнне кантактаў з атэістамі і агностыкамі, якія згодзяцца прыняць запрашэнне гэтага ведамства і распачаць дыялог. Таксама ў кампетэнцыі ведамства будзе ўсталяванне сувязяў з атэістычнымі арганізацыямі, духоўная асвета няверуючых і паглыбленне адносінаў паміж рэлігіяй, грамадствам і прыродай. Кіраўнік Папскай рады па культуры паінфармаваў, што арганізацыя распачне сваю дзейнасць у другой палове бягучага года сустрэчай у Парыжы (Францыя).

Арцыбіскуп Равасі падкрэсліў, што, падобна як і ў міжрэлігійным дыялогу, удзельнікам новага дыялога важна захаваць сваю адметнасць, ствараючы для другога боку магчымасць пазнаць усё багацце веры, якую нельга зводзіць толькі да якасці «лекаў» ад якой-небудзь хваробы. Іерарх дадаў, што сёння існуюць усе магчымасці для ўсталявання дыялога паміж атэізмам і верай, і выказаў надзею, што гэты дыялог прынясе пазітыўныя плёны.

 
© 2003-2024 Catholic.by