Ад адказу на прапановы Апостальскай Сталіцы залежыць урэгуляванне кананічнага статусу Брацтва св. Пія Х у Касцёле | Друк |
Рымская курыя
27.10.2012 15:15

27 кастрычніка Папская камісія «Ecclesia Dei» выступіла з заявай, у якой адзначыла, што на сённяшні дзень, пасля трохгадовых дактрынальных і тэалагічных дыскусій, Святы Пасад працягвае чакаць афіцыйнага адказу з боку лефеўрыстаў на два дакументы: «Summorum Pontificum» Бэнэдыкта XVI з 2007 г. і Дактрынальную прэамбулу камісіі «Еcclesia Dei» ад 13 чэрвеня 2012 г. Ад адказу залежыць урэгуляванне кананічнага статусу Брацтва св. Пія Х у Касцёле.

Па інфармацыі Ватыканскага радыё, камісія «Ecclesia Dei», спецыяльна створаная ў рамках Кангрэгацыі Веравучэння для дыялога з лефеўрыстамі, заяўляе, што для прыняцця правільнага рашэння неабходныя цярпенне, спакой, настойлівасць і давер. Камісія падкрэслівае, што Святы Айцец моцна жадае аднаўлення і захавання адзінства ў Касцёле, у тым ліку праз урэгуляванне адносін з Брацтвам св. Пія Х.

Станоўчы адказ на прапановы Апостальскай Сталіцы, якія датычаць абсалютнага прызнання першынства Наступніка св. Пятра і рашэнняў Другога Ватыканскага Сабору, можа стаць нагодай для надання Брацтву статусу Персанальнай прэлатуры ў рамках Каталіцкага Касцёла.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by