Арганізатар Сіноду Біскупаў: удзельнікі Сіноду не баяліся вострых і балючых тэм | Друк |
Рымская курыя
29.10.2012 17:19

Галоўны арганізатар Сіноду Біскупаў старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі арцыбіскуп Рына Фізікела лічыць, што форум паказаў, наколькі рашуча Касцёл жадае ісці па шляху новай евангелізацыі. Іерарх перакананы, што паслясінадальны перыяд — гэта час, калі трэба «зрабіць сур’ёзны і глыбокі аналіз усяго, што адбылося на Сінодзе».

Арцыбіскуп назваў невыпадковым, што аб перадачы сферы катэхізацыі ў Касцёле Папскай радзе па новай евангелізацыі Святы Айцец абвясціў менавіта на Сінодзе. Паводле старшыні ватыканскага ведамства, гэта сведчыць аб цеснай сувязі евангелізацыі і катэхізацыі.

Арцыбіскуп Фізікела лічыць пазітыўным той факт, што Айцы Сіноду не баяліся вострых і балючых тэм. На асамблеі ішла гаворка не аб абстрактных паняццях, а аб вельмі канкрэтных, звязаных са штодзённым жыццём, выкліках: алкагалізме, наркаманіі, дэпрэсіі, беспрацоўі. Як лек ад гэтых хваробаў Касцёл прапанаваў і прапануе моцную сям’ю.

Як дадаў іерарх, на Сінодзе шмат гаварылася пра патрэбу новай евангелізацыі ў краінах са шматвяковай хрысціянскай традыцыяй. Але ў перыяд глабалізацыі, на думку старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі, вельмі цяжка сказаць, хто найбольш патрабуе евангельскага аднаўлення. «На Захадзе існуе вострая неабходнасць новай евангелізацыі, бо тут дамінаванне секулярызму вызначыла маштабы пустыні і зацямнення сэнсу Бога, якія па-сапраўднаму драматычныя», — адзначыў арцыбіскуп Фізікела. І тут, на думку іерарха, шмат могуць даць «маладыя» Касцёлы: напрыклад, у Афрыцы сёння налічваецца больш за 270 тысяч катэхізатараў.

Як інфармуе Ватыканскае радыё, арцыбіскуп перакананы, што новую евангелізацыю трэба распачаць ад сур’ёзнага рахунку сумлення ўнутры самога Касцёла.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by