«Хрысціяне і мусульмане — маякі надзеі» — тэма абмеркавання Камісіі па рэлігійных адносінах з мусульманамі | Друк |
Рымская курыя
02.03.2013 19:09

Камісія па рэлігійных адносінах з мусульманамі пры Папскай радзе па міжрэлігійным дыялогу выбрала тэму для абмеркавання на наступныя 4 гады: «Хрысціяне і мусульмане — маякі надзеі». Гісторыя — «не проста нейкая рэч з мінулага, але тое, што ўплывае станоўча ці адмоўна на сучаснасць і будучыню», — сказаў на адкрыцці пасяджэнняў 28 лютага старшыня Папскай рады кардынал Жан-Луі Таран.

Як паведамляе Ватыканскае радыё, іерарх прыпомніў гісторыю хрысціянска-мусульманскіх адносін з моманту нараджэння ісламу. На яго думку, прыспеў час працаваць разам хрысціянскім і мусульманскім гісторыкам, і толькі аб’ектыўны і дружалюбны падыход да фактаў гісторыі «можа адкрыць шлях прасіць і атрымаць прабачэнне».

На пасяджэннях Камісіі былі вызначаны тры сферы, якія заслугоўваюць асаблівай увагі: не паддавацца спакусе перайсці ад міжрэлігійнага да палітычнага дыялога; забеспячыць павагу да рэлігійных каштоўнасцяў дзвюх рэлігій і паводзінаў іх паслядоўнікаў з асаблівай увагай да чалавечай годнасці і правоў чалавека; мець магчымасць атрымання добрай адукацыі, каб гэта дазваляла весці сапраўдны разважлівы міжрэлігійны дыялог.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by