Ватыканскі іерарх пра патрэбу ў гістарычнай крытыцы Карану | Друк |
Рымская курыя
19.05.2015 16:27

Старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран назваў «вельмі стрыманым» прагрэс у сферы інтэрпрэтацыі Карану з боку мусульманскіх супольнасцяў. Кардынал перакананы, што менавіта дыялог, братэрства і гістарычная крытыка сакральных ісламскіх тэкстаў, якая павінна здзяйсняцца мусульманамі, — «зброя», якой можна перамагчы экстрэмізм.

Каментуючы вынікі сустрэчы біскупаў і дэлегатаў еўрапейскіх епіскапатаў, адказных за адносіны з мусульманамі, якая прайшла на мінулым тыдні ў Швейцарыі, іерарх заўважыў, што са з’яўленнем «Ісламскай дзяржавы» сітуацыя на Блізкім Усходзе змянілася. «Мы канстатавалі радыкалізацыю мусульман, асабліва моладзі», — сказаў кардынал.

У Еўропу прыбывае ўсё больш вызнаўцаў ісламу. Нават тыя, якія нараджаюцца тут, здараецца, што трапляюць пад уплыў ісламскіх экстрэмістаў. На думку кардынала Тарана, прычына гэтага ў недахопе спецыяльных праектаў. Джыхадзісты прывабліваюць моладзь не толькі грашыма, але таксама і пэўнага кшталту жыццёвай матывацыяй. У такім кантэксце важна першымі напоўніць іх асабістае і сацыяльнае жыццё сэнсам і надзеяй, лічыць ватыканскі іерарх.

Адным са шляхоў для пераадолення крызісу кардынал лічыць пашырэнне адукаванасці. Іерарх заўважыў, што Касцёл працуе ў гэтым напрамку: напрыклад, у Багдадзе два гады таму, нягледзячы на вайну, дамінікане адкрылі інстытут сацыяльных навук. «Дыялог паміж рэлігіямі развіваецца і многія мусульманскія сем’і ў сталіцы Ірака даюць прытулак хрысціянскім», — падкрэсліў іерарх.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканкага радыё, (AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by