Ватыканскі кардынал удзельнічаў у дыскусіі на тэму экалогіі | Друк |
Рымская курыя
04.11.2015 15:25

Старшыня Папскай рады «Iustitia et pax» кардынал Пітэр Тарксан прэзентаваў энцыкліку Святога Айца «Laudato si’» ва ўніверсітэце штата Агаё ў ЗША, куды быў запрошаны для ўдзелу ў дыскусіі на тэму ўстойлівай экалогіі.

«Зямля стогне пад жудасным цяжарам забруджвання і дэградацыі. Яна плача над згубай біяразнастайнасці, знікненнем цэлых відаў па прычыне неахайнасці чалавека», - заўважыў іерарх.

Паводле слоў ватыканскага кардынала, Папа Францішак заклікае «прыслухацца да гэтых пакут», просіць усіх і кожнага – людзей, сем’і, мясцовыя супольнасці, краіны і міжнародную супольнасць – «змяніць напрамак», адкрываючы прыгажосць і адказнасць клопату пра «наш супольны дом».

Кардынал Тарксан нагадаў аб закліку Папы да «навяртання», да «інтэгральнай экалогіі», прыняцця новага стылю жыцця, адмаўлення ад прынцыпу «выкарыстаў і выкінуў» і ад улады, заснаванай на валоданні тэхналогіямі.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў, што адказваць на існуючыя выклікі можна праз дыялог, адзінства і добрыя адносіны да іншых людзей.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (MV)

 
© 2003-2024 Catholic.by