Папскія кансультанты абмеркавалі «здаровую дэцэнтралізацыю» | Друк |
Рымская курыя
10.02.2016 10:50

Сустрэча Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам 9 лютага завяршыла сваё чарговае двухдзённае пасяджэнне ў Ватыкане. На ім прысутнічаў Папа Францішак. Галоўнай тэмай стала развіццё «калегіяльнасці» ў Касцёле са спасылкай на «неабходнасць дзейнічаць у здаровай дэцэнтралізацыі».

Менавіта гэта, на думку кансультатыўнага органу, «з’яўляецца важным арыенцірам для рэфармавання працы Рымскай курыі», гаворыцца ў спецыяльным паведамленні.

Падчас сустрэчы адбылося «фінальнае» абмеркаванне прапановы заснавання дзвюх новых ватыканскіх дыкастэрый. Першая павінна заняцца пытаннямі свецкіх вернікаў і сямейнага жыцця, а другая — пытаннямі справядлівасці і міру, а таксама міграцыі. Прапановы былі канчаткова распрацаваны і ўручаны Святому Айцу для прыняцця канчатковага рашэння.

Як паведаміў а. Фэдэрыко Ламбардзі, кіраўнік Прэс-службы Святога Пасаду, на спецыяльным брыфінгу, прысвечаным вынікам пасяджэння, гаворка на ім ішла і аб двух іншых ватыканскіх «ведамствах»: Дзяржаўным сакратарыяце і Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Кардыналы прадставілі свае меркаванні і прапановы адносна паляпшэння іх працы.

Кардынал Шон О’Мэлі паведаміў аб дзейнасці Камісіі па абароне непаўналетніх, кіраўніком якой ён з’яўляецца, а кардынал Пэл, прэфект Сакратарыяту па эканамічных пытаннях — аб ажыццяўленні ватыканскіх рэформ у галіне эканомікі і фінансаў.

Рада кардыналаў атрымала таксама дакументацыю па падрыхтоўцы і ажыццяўленні Трыбуналам Рымскай Роты рэформы кананічнага працэсу па сапраўднасці сужэнства.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2024 Catholic.by