Супрацоўнік ватыканскай дыкастэрыі пра адзіноту сучаснай моладзі | Друк |
Рымская курыя
07.11.2016 15:55

Многія маладыя людзі сёння, нягледзячы на сотні сяброў у Facebook, прабываюць у адзіноце і нават адчаі, заўважыў кіраўнік моладзевай секцыі новастворанай ватыканскай дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця.

Ксёндз Жоао Шагас быў госцем міжнароднай сустрэчы, прысвечанай моладзеваму душпастырству, якая праходзіла ў выходныя ў Вене.

Чым больш «сяброў», тым больш верагодная адзінота. Вобраз маладога чалавека ў сацыяльных сетках — гэта празмерна аптымістычны малюнак, які дэманструе толькі маску, каб пазбегнуць насмешак. Так падсумаваў сітуацыю бразільскі святар, які быў адным з адказных за арганізацыю Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра і Кракаве.

Ватыканскі госць заклікаў больш слухаць моладзь у Касцёле. Святар спаслаўся на папу Францішка, які заклікае да міласэрнасці і цярплівасці, маючы на ўвазе не заўсёды шчаслівыя бакі жыцця маладых людзей. Моладзь трэба слухаць і накіроўваць яе на правільны шлях. Моладзь павінна адчуваць сябе ў Касцёле прынятай са сваімі слабасцямі, бо менавіта гэтага яны не знойдуць у сацыяльных сетках.

Ксёндз Жоао Шагас бачыць у многіх краінах рост моладзевай рэлігійнасці. Аднак, у перыяд з 1970 па 2000 гг. Касцёл страціў многіх вернікаў, асабліва маладых. Сёння не дастаткова вырасці ў каталіцкай традыцыі, нагадаў супрацоўнік ватыканскай дыкастэрыі, старажытная рэлігійная культура ў многіх месцах ужо не існуе. Маладыя людзі сёння з’яўляюцца католікамі, таму што яны спазналі жывы досвед веры. Тут гаворка ідзе пра малітву, супольнасць і служэнне іншым.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 
© 2003-2024 Catholic.by