Ватыкан: прынята новая Хартыя працаўнікоў аховы здароўя | Друк |
Рымская курыя
09.02.2017 08:52

11 лютага ў Касцёле адзначаецца Сусветны дзень хворага, абвешчаны 25 гадоў таму св. Янам Паўлам ІІ. З гэтай нагоды сакратар Дэпартамента служэння поўнаму развіццю чалавека кс. прэлат Мары Матэ Мусіві Мупендаўату прадставіў у Зале Друку Святога Пасаду новую Хартыю працаўнікоў аховы здароўя.

Хартыя датычыць не толькі ўрачоў, медыцынскіх работнікаў і іх асістэнтаў, але і вучоных, фармацэўтаў, юрыстаў і адміністрацыйных работнікаў у сферы аховы здароўя.

У новай Хартыі тры раздзелы: «Нараджэнне», «Жыццё» і «Смерць». Дакумент улічвае прагрэс навукі і тэхнікі і зноў падкрэслівае непрыманне такіх практык як аборт, даімплантацыйная дыягностыка (праява еўгенічнага менталітэту), доследы над малалетнімі і дарослымі з ментальнай інваліднасцю.

Як патлумачылі ў Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, Хартыя не прэтэндуе на паўнату і не ахоплівае ўсіх магчымых аспектаў аховы здароўя. Дакумент прапаноўвае з максімальнай яснасцю кіруючыя прынцыпы, якія дазваляюць у розных сітуацыях прыняць правільнае этычнае рашэнне ў адпаведнасці з вучэннем Езуса Хрыста і навучаннем Касцёла.

Паводле sib-catholic.ru
(VGr)

 
© 2003-2021 Catholic.by