Найбольш старажытная рукапісная Біблія будзе прадстаўлена ў электроннай версіі | Друк |
09.11.2009 13:15

12 лістапада 2009 г. у Галоўным будынку Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу будзе прадстаўлены электронны варыянт самай ранняй рукапіснай Бібліі. Выданне датуецца IV ст.

Праект, як паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Интерфакс», адкрывае для наведвальнікаў магчымасць для вывучэння каштоўнага помніка сусветнай культуры. Выданне віртуальна аб’ядноўвае ўсе часткі рукапісу, якія захоўваюцца ў розных месцах: у Брытанскай бібліятэцы (Вялікабрытанія), у бібліятэцы Лейпцыгскага універсітэта (Германія), у манастыры святой Кацярыны на Сінаі і ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы.

На наступны дзень, 13 лістапада, тут адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выстаўкі «Сінайскі кодэкс і рукапісы Сіная ў фондах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі». Наведвальнікам будзе прапанавана і электронная версія гэтай экспазіцыі. Галоўнае месца на выстаўцы будзе адведзена фрагментам Сінайскага кодэкса і найбольш цікавым і старажытным рукапісам сінайскага паходжання. Віртуальная версія экспазіцыі будзе размешчана на сайце Расійскай нацыянальнай бібліятэкі.



 
© 2003-2024 Catholic.by