Іракскі арцыбіскуп заклікае мусульман і хрысціян разам маліцца аб міры | Друк |
10.08.2010 16:39

Халдзейскі арцыбіскуп Кіркука (Ірак) Луіс Сако заклікаў мусульман, каб месяц посту Рамадан, які распачынаецца ў іх сёння ўвечары, стаў часам малітвы і паяднання. Хрысціян іерарх папрасіў шанаваць пачуцці ісламскіх вернікаў і далучацца да іх малітвы аб міры і стабільнасці ў краіне.

Для мусульман, якія жывуць у Іраку, асабліва цяжкім з’яўляецца не піць ваду ад 4-й гадзіны раніцы да захаду сонца. Тэмпература паветра днём у гэтай краіне дасягае 50 градусаў.

У сваім пасланні да мусульман з нагоды Рамадану арцыбіскуп Сако пажадаў, каб гэты час стаў для іх часам навяртання і «ўзрастання ў цнотах». «Рамадан таксама становіцца нагодай для таго, каб прабачаць іншым людзям і дасягнуць міру і справядлівасці, каб залячыць раны іракскага народа, вярнуць мір, бяспеку і стабільнасць», — дадаў у пасланні іерарх. Халдзейскі арцыбіскуп выказаў надзею, што ў хуткім часе ў краіне «з’явіцца новы ўрад, урад народнай еднасці, здольны прымаць на сябе пэўную адказнасць».

Пасланне заканчваецца цытатамі з Кнігі Прытчаў Саламона і Карану.

 
© 2003-2024 Catholic.by