Верніца з Кітая прапаведавала хрысціянства тыбетцам | Друк |
25.08.2010 17:23

Каталіцкае агенцтва UCAN паведамляе аб каталічцы з Кітая, якая самастойна прапаведавала хрысціянства будыстам з правінцыі Кінхай. У рэгіёне, размешчаным на гістарычных землях Тыбета, жыве каля мільёна чалавек, у тым ліку 4 тысячы католікаў.

Як пагаджаецца кс. Джозеф Лі Доншэн, вікарый каталіцкай парафіі ў Ксінінгу, дзякуючы ініцыятыве жанчыны да яго супольнасці далучыліся яшчэ 5 чалавек. Гэта людзі ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў з розных сем’яў, якія належаць да аднаго клану, што здаўна вызнае будызм.

Жанчына, якая два гады таму ўвайшла ў адну з гэтых сем’яў, пачала апавядаць ім аб сваёй веры, дала ім Святое Пісанне і іншую рэлігійную літаратуру. У хуткім часе пасля гэтага некалькі яе новых сваякоў пажадалі стаць католікамі. Новыя члены каталіцкай супольнасці прынялі хрост 15 жніўня, ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Па словах кс. Лі, ён збіраецца дапамагаць і асабліва клапаціцца аб новаахрышчаных, каб тыя трывалі ў веры, калі выявіцца, што яны могуць стаць аб’ектамі дыскрымінацыі з боку свайго будысцкага акружэння.

 
© 2003-2024 Catholic.by