Біскупы Еўропы заклікаюць з новай увагай падысці да справы абароны стварэння | Друк |
06.09.2010 12:54

«Благаслаўлёны Ты, Божа ўсяго стварэння», — гэтымі словамі распачынаецца супольны даклад прадстаўнікоў Рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы (ССЕЕ) і дэлегатаў, адказных у епіскапатах сваіх краін за абарону навакольнага асяроддзя. Дакумент з’яўляецца вынікам экалагічнай «зялёнай пілігрымкі», якая адбывалася з 1 па 5 верасня 2010 г. праз тэрыторыю трох краін: Венгрыі, Славакіі і Аўстрыі.

У пілігрымцы ўдзельнічалі 50 дэлегатаў з 15 краін Еўропы.

У выніковым дакуменце ўдзельнікі падарожжа падкрэслілі, што для іх гэтая акцыя стала «сімвалічнай рэфлексіяй, навукай і навяртаннем» перад абліччам сённяшніх выклікаў — у тым ліку і ў экалогіі. Супольны шлях стаў «выяўленнем веры і адначасова нагодай да зменаў». Распачаўся ён благаслаўленнем пілігрымаў старшынёй Рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Еўропы кардынала Пэтэрам Эрдо ў знак таго, што «ў хросце праз дадзены Богам дар вады мы з’яўляемся часткай Касцёла, які і сам пілігрымуе».

«Вада з’яўляецца элементам стварэння і мае багатае біблейскае і сакрамэнтальнае значэнне», — адзначаецца ў дакладзе. Менавіта таму ў межах пілігрымкі яе ўдзельнікі прайшлі водным шляхам па Дунаі — найдаўжэйшай рацэ ў Еўропе. Дзень, калі адбыўся гэты шлях, стаў нагодай для разважання над словамі папы Бэнэдыкта XVI аб тым, што «растрата натуральных запасаў, асабліва вады, можа выклікаць цяжкія канфлікты сярод чалавецтва», а «мірнае паразуменне ў справе выкарыстання прыродных запасаў паспрыяе абароне прыроды і адначасова дабрабыту грамадства».

Яшчэ адной важнай тэмай пілігрымкі была энергія. «Надзвычай важнай з’яўляецца неабходнасць пошуку новых, узнаўляльных крыніц», — падкрэсліваюць у дакуменце біскупы і нагадваюць, што да такіх крыніц належаць вецер, сонечная энергія, біяпаліва, гідраэлектрастанцыі.

Дэлегаты епіскапатаў краін Еўропы выказалі надзею, што здолеюць заахвоціць «да новага ўдзелу ў духоўным і маральным вымярэнні экалагічных пытанняў». Іерархі падкрэсліваюць, што «фундаментальнай справай з’яўляецца тое, якім чынам праз выхаванне можна дасягнуць навяртання душаў і сэрцаў».

У дакуменце таксама нагадваецца, што супольнае дабро залежыць ад дабра кожнага чалавека, што ўсе людзі абавязаны падтрымліваць салідарнасць, справядліва падзяляць даброты і ўсведамляць, што «кніга прыроды з’яўляецца адзінай і непадзельнай».

 
© 2003-2024 Catholic.by