Біскупы ЗША вучацца асновам экзарцызму | Друк |
15.11.2010 14:59
За два дні перад пачаткам восеньскай сесіі епіскапату ЗША 56 біскупаў і 66 святароў прыехалі ў Балтымор на двухдзённую канферэнцыю па літургічнай і пастырскай практыцы экзарцызму. Па словах арганізатара навучання, біскупа Томаса Папроцкага, епіскапат зразумеў неабходнасць падрыхтоўкі экхарцыстаў для дзейнасці ў мясцовым Касцёле.

«На ўсёй тэрыторыі Злучаных Штатаў Амерыкі знаходзіцца ўсяго пяць або шэсць экзарцыстаў, а яны павінны быць у кожнай дыяцэзіі», — сцвяржае біскуп Папроцкі, які ўзначальвае Камісію епіскапата па кананічным праве і касцёльным кіраванні. На думку іерарха, такая сітуацыя звязана з тым, што ўсё больш і больш амерыканцаў практыкуюць акультызм.

На думку аднаго з асноўных інструктараў навучання кардынала Даніэля Дзінардо, Касцёл у Амерыцы на працягу многіх гадоў не надаваў належнага значэння небяспецы, якую зло нясе душы чалавека.

«Мы былі больш зацікаўлены ў медыцынскім або псіхалагічным тлумачэнні некаторых з’яў. Мы забылі, што чалавек мае таксама і духоўнае вымярэнне. Між тым, аднаўленне зацікаўленасці экзарцызмам паказвае звышнатуральнае вымярэнне Касцёла і нагадвае, што існаванне зла ёсць нечым рэальным», — адзначыў Мітрапаліт Галвестан-Хаўстан.

 
© 2003-2024 Catholic.by