Форум «Рэнавабіс»: хрысціяне павінны рэалістычна глядзець на змены ў свеце | Друк |
02.09.2011 15:59

Геапалітычныя змены, якія адбываюцца ў Еўропе, прыводзяць да пашырэння фактычных межаў дзяржаў, нават калі фармальна яны падзелены межамі. Да такой высновы ў другі дзень XV Міжнароднага кангрэса «Рэнавабіс» прыйшлі яго ўдзельнікі. Сярод іх — іерархі, духоўныя і свецкія асобы з Беларусі.

Працэсы, якія адбываюцца ў сучаснай Еўропе прывялі да знішчэння дзяржаўных рамак. Галоўную ролю тут адыгрывае дэмаграфічны фактар, у прыватнасці крызіс еўрапейскай сям’і і вельмі нізкая нараджальнасць на кантыненце. Гэта прывяло да шырокіх працэсаў міграцыі, якія ў апошні час кардынальна змянілі геакультурную сітуацыю ў Еўропе, што ў сваю чаргу стала выклікам для Касцёла.

Дырэктар дабрачыннай арганізацыі кс. Штэфан Дартман адзначыў, што для таго, каб адшукаць сучаснага чалавека, Касцёл павінен знайсці новыя душпастырскія шляхі. Гэтыя шляхі, на думку святара, часта могуць здавацца далёкімі, але варта ісці ў гэтым напрамку.

«Веру трэба не толькі захоўваць у зменлівым свеце, але перш за ўсё інтэграваць у Яго», — перадае словы кс. Дартмана Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Святар падкрэслівае, што хрысціяне павінны рэалістычна і без страху глядзець на працэсы зменаў у свеце, а Касцёлу трэба па-новаму ўкараніцца ў існуючы кантэкст.

Варта падкрэсліць, што на працягу 18 гадоў існавання «Рэнавабіс» ажыццявіла 17,6 тыс. праектаў у 29 краінах свету. У 2010 г. у рамках праекта дапамогі Касцёлу ва Усходняй Еўропе былі рэалізаваны 843 праекты.

 
© 2003-2024 Catholic.by