«Экзарцыст»: у Варшаве прэзентавалі новы каталіцкі часопіс | Друк |
11.09.2012 17:34
Першы нумар каталіцкага часопіса «Экзарцыст», які паступіў у продаж 10 верасня 2012 года, надрукаваны ў выдавецтве «Polwen» на 64 старонках. Тыраж выдання — 15 тысяч экземпляраў.

Як сцвярджаюць аўтары часопіса, больш за тры мільёны палякаў карыстаюцца паслугамі варажбітак. «Мы пішам пра небяспеку (гэтых практык — Рэд.) і паказваем спосабы таго, як можна засцерагчыся ад яе, — тлумачаць у рэдакцыі. — Большасць дзяцей уваходзіць у свет магіі без адпаведнага ўсведамлення рызыкі, таму, каб абараніць іх у гэтай сферы, трэба павысіць узровень інфармаванасці.
 
Варта адзначыць, што колькасць святароў-экзарцыстаў у Польшчы за апошнія 15 гадоў павялічылася ў трыццаць разоў (з 4 да 120).
 
Як сцвярджаюць стваральнікі часопіса, «Экзарцыст» будзе «інструментам евангелізацыі» і абаронай ад агрэсіўнай рэкламы магіі, акультызму і эзатэрыкі.
 
Акрамя друкаванай версіі часопіс мае і старонку ў інтэрнэце www.miesiecznikegzorcysta.pl
 
© 2003-2024 Catholic.by