Японскі вучоны атрымаў Нобелеўскую прэмію за «этычнае» выкарыстанне ствалавых клетак | Друк |
10.10.2012 10:24
Японец Шынія Яманака атрымаў Нобелеўскую прэмію за свае даследаванні ў галіне выкарыстання ствалавых клетак. Яго напрацоўкі могуць даць шанc на аздараўлення людзям з хваробамі Паркінсона і Альгеймера.
 
Яго адкрыццё — таксама надзея і на тое, што выкарыстанне ствалавых клетак, якія ўжываюцца для лячэння, можа быць этычным.

Раней атрыманне ствалавых клетак было магчымым двума шляхамі: ад дарослага чалавека і ад чалавечага эмбрыёну — на этапе, калі клеткі яшчэ не ператварыліся ў спецыялізаваныя. Дзякуючы гэтаму стала магчымым лячэнне захворванняў, у якіх клеткі выраджаюцца і патрабуюць замены.

Аднак праблема заключаецца ў тым, што збор ствалавых клетак у эмбрыёнаў іх забівае — таму такі метад з'яўляецца неэтычным. Яманака свае даследаванні пачынаў таксама з гэтага метаду, але праз некаторы час змяніў рашэнне.

«Я заўважыў, якой невялікай з'яўляецца розніца паміж эмбрыёнамі і маімі дочкамі. Тады я вырашыў, што мы не можам далей знішчаць эмбрыёны падчас нашых даследаванняў. Гэта павінен быць іншы шлях», — цытуе Яманаку партал wiara.pl.

Нобелеўскую прэмію ў медыцыне японцу прысудзілі за вынаходніцтва геннамадыфікаваных дарослых клетак, якія не з'яўляюцца эмбрыяльнымі.
 
Паводле аналізу польскага тэолага і біяэтыка кс. праф. Мар'яна Махінэка, праца Яманакі — вялікі прарыў.
 
Метад вучонага з Японіі канкурэнтназдольны ў параўнанні з метадам эмбрыяльнага атрымання клетак. Клеткі, атрыманыя ад эмбрыёнаў, маюць большы патэнцыял для развіцця ў дарослую клетку. Для гэтага яна ўласна і запраграмаваная. З іншага боку высветлілася, што атрыманыя ад эмбрыёнаў і змененыя навукоўцамі клеткі часта губляюць інфармацыю і выклікаюць рак. Адкрыццё Яманакі дазваляе скараціць рызыку развіцця раку да вельмі невялікай верагоднасці.

Тым не менш, у яго таксама прысутнічаюць некаторыя недакладнасці. Праведзеныя даследаванні паказалі, што немалую ролю тут адыгрываюць рэтравірусы, з дапамогай якіх дарослыя клеткі змяняюцца па прыкладу мацярынскіх. Важна, каб клеткі, змадыфікаваныя такім чынам, не атрымалі статус... эмбрыёна.
 
(JLS) 
 
© 2003-2021 Catholic.by