У Бэтлееме запалілі святло міру | Друк |
28.11.2012 14:06

Ужо ў 27 раз загарэлася Бэтлеемскае святло міру. Кожны год агонь запальвае дзіця, якое мае асаблівую гісторыю жыцця. Сёлета ім стаў 11-гадовы хлопчык Хадэр Балут з арабскай хрысціянскай сям’і з Бэтлеема.

Праўда, як адзначае Ватыканскае радыё, звычайна агонь запальвала дзіця з Верхняй Аўстрыі, якое адзначылася асаблівым удзелам у дабрачынных ініцыятывах. У гэтым годзе традыцыя была перапынена. Тым не менш, сёлета «Бэтлеемскае святло» зноў прыбудзе ў Аўстрыю, адкуль адправіцца па Еўропе.

Упершыню «Бэтлеемскае святло міру» было запалена ў 1986 г. Гэтую цудоўную перадкалядную традыцыю — распасюджванне Бэтлеемскага агню — распачалі ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Першапачаткова яна планавалася як акцыя ў перыяд калядных святаў з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто патрабуе дапамогі і ўвагі. Гэтую высакародную справу адразу ўзялі ў свае рукі еўрапейскія скаўты.

Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь у месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у катэдральным касцёле ў Вене агонь перадаецца ў іншыя краіны. За гэты час агонь пабываў у звыш 30 краінах Еўропы, у тым ліку і ў Беларусі. Сёлета таксама скаўты даставяць яго ў нашу краіну.  

(SZh)

 
© 2003-2024 Catholic.by