У Індыі беатыфікаваны Дэвасагаям Пілаі — свецкі вернік, забіты за пераход з індуізму ў каталіцтва | Друк |
02.12.2012 16:34

2 снежня ў горадзе Катары на поўдні Індыі адбылася беатыфікацыя свецкага верніка Дэвасагаяма Пілаі, які быў забіты ў 1752 г. за пераход з індуізму ў каталіцтва. Цырымонію беатыфікацыі ўзначаліў ад імя Святога Айца прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэла Амата.

Будучы благаслаўлёны нарадзіўся ў 1712 г. на поўдні Індыі. Калі ўжо стаў бацькам сям’і і служыў афіцэрам у каралеўскім палацы, пачаў вывучаць Евангелле і ўрэшце вырашыў стаць католікам. Дэвасагаям стаў сапраўдным евангелізатарам, заклікаючы людзей да навяртання і хросту. У 1752 г. ён быў расстраляны.

Як адзначыў кардынал Амата ў размове з Ватыканскім радыё, гісторыя навяртання Пілаі нагадвае жыццё мучанікаў ранняга Касцёла. Турма, па словах іерарха, стала для будучага благаслаўлёнага місіянерскай тэрыторыяй, дзе ён навучаў іншых словам і прыкладам. «Усе гады, праведзеныя ў затачэнні, ён жыў у радасным усведамленні свайго абрання Божым Провідам, свайго адзінства з Езусам», — дадаў кардынал.

Прэфект ватыканскага ведамства падкрэсліў, што «гэты незвычайны індыйскі мучанік з’яўляецца ўзорам трываласці ў веры і настойлівасці ў сведчанні», «заклікае нас казаць пра Езуса і абвяшчаць збаўленне ўсяго чалавецтва толькі ў Хрысце». Дэвасагаям Пілаі, які быў свецкім і сямейным чалавекам, вучыць нас, па словах кардынала, удзельнічаць у справах евангелізацыі і дабрачыннасці. Таксама ў ім можна ўбачыць «узор чалавечага братэрства, не абмежаванага рамкамі культуры, кастаў, багацця».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by