Кіраўнікі Цэркваў Украіны заклікалі не скажаць камерцыяй значэнне хрысціянскіх святаў | Друк |
04.12.2012 13:07

Не скажаць камерцыяй сапраўднае значэнне хрысціянскіх святаў Божага Нараджэння заклікалі кіраўнікі Цэркваў Украіны, у тым ліку Каталіцкага Касцёла. Як адзначаецца ў звароце духоўных лідараў, святкаванне Божага Нараджэння часта зводзіцца да ўстанаўлення ёлкі, застолля і абмену падарункамі, пакідаючы без увагі найвялікшую падзею ў гісторыі чалавецтва — прыйсце Бога ў свет.

У звароце, які цытуе рэлігійна-інфармацыйная служба Украіны, звяртаецца ўвага на памылковую інтэрпрэтацыю ўрачыстасці Усіх Святых. У сучасным свеце, адзначаюць іерархі, гэты дзень атрымаў назву Хэлоўін і характарызуецца «сапраўдным акультызмам, які цалкам супярэчны хрысціянскім прынцыпам».

Гаворыцца і пра камерцыялізацыю дня св. Валянціна, які «не мае нічога агульнага з сапраўдным яго зместам». У гэты дзень заўважаецца «рост цэн на кветкі і масавы продаж тэматычнай падарункавай прадукцыі».

Іерархі падкрэсліваюць, што ў гэтым вялікую ролю адыгрывае прага ўзбагачэння. Кіраўнікі Цэркваў заклікаюць вернікаў і ўсіх людзей добрай волі «будаваць грамадства на прынцыпах Божай праўды, любові і ўзаемапавагі».

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by