Касцёл дапамагае пацярпелым ад стральбы ў амерыканскай школе | Друк |
15.12.2012 14:57

Каталіцкі Касцёл нясе дапамогу ў горадзе Ньютаўн (ЗША), дзе ў выніку стральбы ў школе 14 снежня было забіта 26 чалавек, з якіх 20 — дзеці ад 5 да 10 гадоў. Адзіная каталіцкая парафія ў гэтым горадзе — Святой Розы з Лім — актыўна дапамагае пацярпелым.

Як інфармуе агенцтва CNA, да акцыі дапамогі далучыліся таксама святары з мясцовых медыцынскіх цэнтраў. Яны сустракаюцца з параненымі ў бальніцах, суцяшаюць сем’і тых, хто загінуў у выніку трагедыі. Па словах святароў, нават тыя, чые блізкія не загінулі і знаходзяцца ў добрым стане, шакіраваны гэтай падзеяй.

Католікі гэтай дыяцэзіі моляцца за тых, каго закранула трагедыя. 14 снежня ў 19 гадзін у Ньютаўне адбылася святая Імша за ахвяраў.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by