Касцёл у Нігерыі прабачае ісламскім фундаменталістам | Друк |
28.12.2012 08:41

Каталіцкі Касцёл у Нігерыі прабачае ісламскім фундаменталістам групоўкі «Боко Харам». У апошнія месяцы гэтая тэрарыстычная мусульманская секта, якая імнецца да ісламізацыі краіны, здзейсніла некалькі нападаў на хрысціян.

«Мы хочам прабачыць ім, бо Езус Хрыстус нарадзіўся як той, хто прыносіць мір», — адзначыў арцыбіскуп Кадуны Мэцью Ндагоса. Іерарх заахвоціў таксама да малітвы аб вечным адпачынку для забітых хрысціян і выказаў удзячнасць уладам, арганізацыям і ўсім, хто аказаў падтрымку вернікам, якія падвяргаюцца пераследу.

«Мы не можам зрабіць нашым ворагам нічога іншага, як толькі прабачыць, — дадаў арцыбіскуп, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — У гэты час Божага Нараджэння мы павінны аказваць адзін аднаму любоў і прабачэнне, каб у грамадстве запанаваў мір. Калі Пан Езус 2000 гадоў таму прыйшоў у свет, Ён зведаў падобны пераслед. (…) Насілле, як рэлігійнае, так і палітычнае, эканамічнае і грамадскае, ужо здаўна прысутнічала ў гісторыі чалавецтва».

25 снежня некалькі ўзброеных баевікоў групоўкі «Боко Харам» уварваліся ў касцёл у раёне Паціскума і падчас Імшы на Божае Нараджэнне расстралялі шасцярых людзей.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by