Іерархі Бразіліі да моладзі: найбліжэйшы год — ваш | Друк |
02.01.2013 17:40

Пра Сусветны дзень моладзі, які адбудзецца ў Рыа-дэ-Жанэйра летам 2013 г., узгадваюць у сваіх пасланнях на Новы год бразільскія іерархі — біскуп Эдуарда Пінхейра, прадстаўнік Камісіі епіскапату па справах моладзі, і арцыбіскуп Рыа Арані Тэмпеста.

Арцыбіскуп Тэмпеста абвясціў у архідыяцэзіі Рыа-дэ-Жанэйра 2013 год «Годам моладзі». Па словах іерарха, якія прыводзіць Ватыканскае радыё, падчас Сусветных дзён моладзі Рыа стане «моладзевым санктуарыем». «Дарагая моладзь, найбліжэйшы год — ваш!» — піша арцыбіскуп у пасланні.

Біскуп Пінхейра выказвае спадзяванне, што гэтыя падзеі ўзбагацяць духоўна не толькі моладзь, але і ўвесь Касцёл, «пакліканы, каб адлюстроўвацца ў маладых людзях, падтрымліваць гэтае жывое полымя і абавязак любові без межаў да ўсіх і з усімі». «Моладзь мае вельмі шмат для таго, каб нас навучыць; трэба толькі быць з ёю, каб сказаць: „называем вас сябрамі“», — такія словы скіроўвае біскуп да духавенства.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by