Супольнасць з Тэзэ падзякавала за правядзенне Еўрапейскай сустрэчы моладзі | Друк |
04.01.2013 13:40

Экуменічная супольнасць з Тэзэ падзякавала ўсім, хто ўдзельнічаў у арганізацыі Еўрапейскай сустрэчы моладзі, якая прайшла з Рыме з 28 снежня па 2 студзеня. У спецыяльным паведамленні, апублікаваным 4 студзеня, выказваецца ўдзячнасць парафіям, святарам, манаскім супольнасцям, праваслаўным і пратэстанцкім супольнасцям, а таксама тысячам рымскіх сем’яў, якія адкрылі дзверы сваіх дамоў, каб прыняць пілігрымаў.

Таксама супольнасць з Тэзэ выказала падзяку маладым рымлянам, якія на працягу доўгіх месяцаў рыхтавалі сустрэчу, уладам Вечнага горада і прадстаўнікам розных служб, дзякуючы працы якіх атрымалася правесці форум. «Малітва 29 снежня на плошчы Св. Пятра ў прысутнасці Святога Айца, у якой прынялі ўдзел больш за 45 тысяч чалавек, ад самага пачастку дазволіла ўзняцца глыбокай духоўнасці гэтай сустрэчы і застанецца як святло ў сэрцах многіх маладых людзей», — гаворыцца ў паведамленні, якое цытуе Ватыканскае радыё.

Адзначаецца таксама, што на працягу яшчэ двух тыдняў у Рыме застанецца група братоў з супольнасці Тэзэ, а таксама валанцёраў, якія сустрэнуцца з сем’ямі, што прымалі ўдзельнікаў пілігрымкі. 19 студзеня пройдзе супольная малітва падзякі за праведзеную сустрэчу.

Паводле супольнасці з Тэзэ, агульная колькасць удзельнікаў, якія прыбылі з розных краін у Рым, — 32 тысячы чалавек. Акрамя таго, у форуме прынялі ўдзел каля 10 тысяч італьянцаў.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by