Прыёр Тэзэ: на нашых сустрэчах моладзь паказвае, што Хрыстус і Касцёл — не ворагі для іх, але фундамент жыцця | Друк |
04.01.2013 14:25

«Супольная малітва з Папам была для моладзі найважнейшай падзеяй рымскага этапу „пілігрымкі даверу“ па зямлі», — адзначае прыёр экуменічнай супольнасці з Тэзэ брат Алаіз Лозэр. А галоўным плёнам Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Рыме, па словах прыёра, можа стаць адноўленая надзея.

«Моладзь адчула, што разам з Хрыстом яна можа пераадолець свае штодзённыя цяжкасці», — падкрэсліў брат Алаіз, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё. А «поспех Тэзэ», дадаў прыёр, хаваецца не ў нейкіх тэатральных акцыях, але ва ўказванні маладым людзям Бога і Евангелля.

«У Тэзэ мы не маем якойсьці спецыфічнай духоўнасці. Не маем нейкіх таямнічых метадаў дзейнасці. Маем толькі Евангелле і нашы спевы, якія дапамагаюць у глыбокай, пранікнёнай малітве», — патлумачыў прыёр. На думку брата Алаіза, менавіта праз гэтыя спевы браты з супольнасці знайшлі шлях, як прыцягнуць маладых вернікаў да малітвы, каб яны «былі не толькі гледачамі ці слухачамі, але ўдзельнікамі».

Прыёр прызнаўся, што на яго аказаў вялікае ўражанне момант цішыні падчас малітвы на плошчы Св. Пятра разам з Папам. «Гэта была хвіліна, калі Хрыстус асабліва прамаўляў да нашых сэрцаў. Ён паказваў надзею ў час, калі эканамічная сітуацыя прыводзіць да таго, што моладзі цяжка будаваць планы на будучыню, бо яна баіцца, што не знойдзе працу і будзе мець іншыя жыццёвыя перашкоды. Касцёл можа дапамагчы моладзі трываць у надзеі», — адзначыў законнік.

Падобныя сустрэчы моладзі, па словах брата Алаіза, — дасканалы метад абвяшчэння Добрай Навіны. «Моладзь запальвае сваіх равеснікаў энтузіязмам веры і паказвае, што Хрыстус і Касцёл — не ворагі для іх, але фундамент, на якім варта будаваць жыццё, поўнае надзеі», — сказаў прыёр супольнасці.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by