Старшыня Папскай рады «Iustitia et Pах» удзельнічае ў канферэнцыі на тэму грамадства ў Афрыцы | Друк |
15.01.2013 11:17

У дыяцэзіі Порт-Жанціль у Габонскай Рэспубліцы на працягу тыдня праходзіць Міжнародная фармацыйная канферэнцыя на тэму «Справядлівасць, мір і грамадскія пытанні». У пасяджэнні, якое мае асаблівае значэнне для Афрыкі, дзе вялікай праблемай з’яўляецца беднасць, удзельнічае старшыня Папскай рады «Iustitia et Pах» кардынал Пітэр Тарксан.

У сваім выступленні іерарх прадставіў развіццё грамадскай дактрыны Касцёла, асаблівым чынам спыніўшыся на вучэнні папы Льва ХІІІ і пераломным значэнні Другога Ватыканскага Сабору. Кардынал прывёў таксама канкрэтныя прыклады рэалізацыі вучэння Касцёла ў вырашэнні актуальных эканамічных і грамадскіх праблем.

Старшыня Папскай рады засяродзіў увагу на трох элементах, указаных Святым Айцом Бэнэдыктам XVI у энцыкліцы «Caritas in veritate». Першым з іх, як адзначыў кардынал, з’яўляецца чалавек і яго паўнавартаснае развіццё, што заўсёды знаходзілася ў цэнтры разважання Касцёла. Наступны элемент — евангелізацыя свету, поўнага беднасці і няроўнасцяў, да якой пакліканы ўсе хрысціяне. І, нарэшце, усялякая дзейнасць чалавека павінна характарызавацца любоўю і справядлівасцю да бліжняга.

У праграме канферэнцыі запланавана таксама дыскусія з прадстаўнікамі пратэстанцкіх і мусульманскіх супольнасцяў.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by