У Францыі прайшоў дзень посту і малітвы за краіну і сям’ю | Друк |
26.01.2013 09:01

25 студзеня ў Францыі стаў днём посту і малітвы за краіну і сям’ю. У гэтай ініцыятыве прынялі ўдзел каля 36 тысяч католікаў, выступіўшы такім чынам супраць праекту закона аб легалізацыі гомасексуальных саюзаў.

З прапановай правядзення дня посту і малітвы выступіла група свецкіх людзей. Ініцыятыву падтрымалі некаторыя іерархі, у тым ліку арцыбіскуп Ліёнскі кардынал Філіп Барбарэн і Апостальскі Нунцый у Францыі арцыбіскуп Луіджы Вентура. Прадстаўнік Папы ў лісце да арганізатараў акцыі пажадаў поспеху гэтай ініцыятыве — рэху маніфестацыі, якая адбылася ў Парыжы 13 студзеня з удзелам больш за 500 тысяч чалавек.

З удзельнікамі дня посту і малітвы злучылася моладзь з рымскага Згуртавання св. Лаўрэнція, распачаўшы ў 16 гадзін у гэты дзень ружанцовую малітву на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by