Вампірства набывае прывабную форму і становіцца элементам поп-культуры | Друк |
31.01.2013 13:58

«Дэманалогія, магія, вампірства ў прыгожых упакоўках ўсё часцей становяцца элементамі поп-культуры», — адзначае а. Анджэй Волпюк, кансультант па пытаннях сект і новых рэлігійных рухаў Бельска-Жывецкай дыяцэзіі (Польшча).

Святар падкрэслівае, што людзі часта забываюць, які небяспечны сэнс нясуць гэтыя ідэалогіі і якія іх карані. Айца Волпюка, як інфармуе партал Credo, хвалюе таксама, як пераканаць сучаснага чалавека, што трэба пад пэўным знакам пытання прымаць тое, што кажа пра вампіраў сучасная поп-культура.

Кінасагі пра вампіраў, кажа святар, ужо даўно падаюцца ў вельмі прывабнай форме. «Гэта ўжо не ранейшы стары, брыдкі, палысеўшы вампір, — ён выклікае цікавасць. Ён добра выглядае, заахвочвае да кахання, сяброўства, нават стварае ўражанне духоўна добрага, надзвычай прывабнага», — дадае а. Анджэй Волпюк, нагадваючы, што ў дадзенай прадукцыі чалавек мае справу «з патомствам дэмана».

Акрамя гэтага, святар указвае на прысутнасць духу вампірства ў гатычнай субкультуры. «Гэта вельмі цёмная і сумная субкультура, яна падкрэслівае адзіноту маладога чалавека, якую, аднак, у той загубленасці і захапленні вампірствам і дэманамі нельга пакідаць без падтрымкі і дапамогі. Касцёл на шляхах новай евангелізацыі павінен знайсці спосаб, як дайсці да людзей, уцягнутых у дэструктыўныя субкультуры, і прынесці ім Добрую Навіну», — падкрэслівае а. Анджэй Волпюк.

(VGr)

 
© 2003-2024 Catholic.by