Касцёл і Англіканская Царква супраць легалізацыі аднаполых саюзаў у Вялікабрытаніі | Друк |
08.02.2013 15:55

Новы архіепіскап Кентэрберыйскі Джасцін Уэлбі ў дзень прыбыцця ў Ламбецкі палац — рэзідэнцыю кіраўніка Англіканскай Царквы — пацвердзіў, што для Царквы «шлюб заўсёды будзе азначаць саюз мужчыны і жанчыны». У сваю чаргу біскуп Портсмута Філіп Іган спадзяецца, што аднаполыя саюзы ў Вялікабрытаніі ўсё ж не будуць легалізаваны.

Як інфармуе руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, біскуп адзначыў, што Касцёл ставіцца з аднолькавай любоўю да ўсіх без выключэння, таму ў выпадку адносінаў да аднаполых сужэнстваў трэба казаць не пра гамафобію, але пра сутнасць старажытнага інстытуту шлюбу, заснаванага на натуральным законе і ўзвышанага да сакрамэнту Езусам Хрыстом. Іерарх дадаў, што падтрымка законапраекту Палатай абшчын — толькі першы крок, за якім адбудуцца новыя дыскусіі.

Цяпер законапраект будзе абмяркоўвацца ў Палаце лордаў. З нагоды таго, што ў яе ўваходзяць многія англіканскія іерархі, архіепіскап Джасцін Уэлбі выказаў падтрымку сваім братам у святарстве, якія бароняць традыцыйны шлюб.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by