Удзельнікі Дня хворых у Баварыі глыбока перажылі рашэнне Папы скласці паўнамоцтвы Наступніка св. Пятра | Друк |
13.02.2013 14:47

Навіна аб рашэнні Святога Айца Бэнэдыкта XVI скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка св. Пятра ўразіла многіх вернікаў, якія сабраліся ў Альтоцінгу (Германія) на цэнтральных урачыстасцях Сусветнага дня хворых 11 лютага.

«Гэта вельмі смелае рашэнне, аднак хацеў бы дадаць, што без малітвы, без Божай парады, без уплыву Духа Святога Папа, канешне, ніколі не адважыўся б на такі ўчынак», — адзначыў старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі.

«Мы захапляемся Святым Айцом за гэтае мужнае рашэнне і ўзносім за яго малітвы. Канешне, для новага Папы ён стане вялікім дарадчыкам і будзе маліцца за свайго наступніка», — сказаў арцыбіскуп, які ўзначаліў урачыстасці Дня хворых у Альтоцінгу.

Іерарх, чые словы прыводзіць руская рэдакцыя Ватыканскага радыё, адзначыў сувязь паміж месцам правядзення Дня хворага і дзіцячымі гадамі Папы. Сам Бэнэдыкт XVI параіў выбраць санктуарый у Альтоцінгу для правядзення гэтага мерапрыемства. «Ніхто не мог уявіць, што менавіта гэты дзень набудзе зусім іншае вымярэнне, напоўненае для нас частачкай пакуты, — дадаў старшыня Папскай рады. — Кожны з нас быў глыбока крануты, я бачыў слёзы на вачах у італьянскіх законніц, свецкіх людзей, урачоў, усіх пілігрымаў, бо Святы Айцец нам вельмі дарагі».

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by