У розных краінах свету рушыла кампанія «40 дзён за жыццё» | Друк |
14.02.2013 13:46

Кампанія «40 дзён за жыццё» распачалася ў розных краінах свету 13 лютага, з пачаткам Вялікага посту. На працягу гэтага перыяду абаронцы жыцця ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Іспаніі, Расіі, Польшчы, Нігерыі будуць пасціцца, чуваць і маліцца перад абартыўнымі клінікамі.

Першая падобная акцыя прайшла ў 2004 годзе ў амерыканскім штаце Тэхас. Яе назва звязана з лічбай 40, якая ўзгадваецца ў Бібліі і нагадвае пра 40 дзён патопу, 40 дзён вандроўкі ізраільскага народа і 40 дзён прабывання Езуса на пустыні.  

У сёлетняй акцыі ўдзельнічаюць сотні тысяч абаронцаў жыцця. Чуванні перад абартыўнымі клінікамі ўжо прынеслі вялікія плёны. Многія абаронцы аборту перамянілі сваё стаўленне, і сярод іх — Абба Джонсан, былая дырэктар клінікі, якая належала да абартыўнай сеткі «Planned Parenthood». Пяць гадоў перад акном клінікі, дзе яна працавала, маліліся групы pro-life, і аднойчы дырэктар клінікі сама стала сярод гэтых людзей.

Дзякуючы кампаніі тысячы дзяцей ва ўсім свеце былі выратаваны ад смерці, а 28 абартыўных клінік было зачынена.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by