Іспанскія біскупы і прадстаўнікі ўлады абмеркавалі абарону культурнай спадчыны | Друк |
24.02.2013 14:04

Пытанне абароны культурнай спадчыны абмяркоўвалі ў Севільі біскупы іспанскага рэгіёна Андалусіі і прадстаўнікі мясцовых уладаў. Суразмоўцы дыскутавалі над праблемай доступу грамадзян да культурных набыткаў Касцёла, да архіваў і бібліятэк, інвентарызацыяй культурных багаццяў і публікацыяй іх спісу на старонцы Андалузскага Інстытута гістарычнай спадчыны.

Біскупы падкрэслілі, што святыні заўсёды даступныя для людзей, якія прагнуць пазнаць хрысціянскую культурную спадчыну, хоць галоўнае прызначэнне храмаў — культ і духоўная апека. Іерархі падкрэслілі, што найбольшы ўклад у захаванне святыняў паходзіць не ад грамадскіх сродкаў, а ад вернікаў, што пацвярджаюць канкрэтныя лічбы.

У заяве іспанскіх іерархаў па выніках пасяджэння гаворыцца таксама, што Касцёл у краіне арганізуе візіты, канцэрты, выставы, каб усе зацікаўленыя маглі пазнаць хрысціянскую культурную спадчыну. Існуе доступ да архіваў і бібліятэк, падтрымліваюцца навуковыя даследаванні і супрацоўніцтва з дзяржавай і рознымі арганізацыямі. Біскупы выказваюць падзяку католікам, арганізацыям і ўсім людзям добрай волі за ўклад у захаванне культурных багаццяў, пакінутых у спадчыну мінулымі пакаленнямі вернікаў.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by