У Германіі адзначаецца 20 гадоў дабрачыннай арганізацыі «Renovabis» | Друк |
04.03.2013 12:43

Дабрачынная арганізацыя «Renovabis», якая аказвае дапамогу Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, адзначае 20-годдзе існавання. Біскупы Германіі, засноўваючы яе 3 сакавіка 1993 г., пастанавілі, што будуць старацца абуджаць у сваім грамадстве інтарэс да жыхароў гэтых частак Еўропы і несці ім дапамогу.

Стварэнне гэтай акцыі салідарнасці епіскапат Германіі лічыць адным з важнейшых сваіх адказаў на вялікі пералом, які адбыўся ў Еўропе ў 1989–1990 гадах. На працягу 20 гадоў «Renovabis» дапамагае ў будаўніцтве касцёлаў, у сацыяльнай сферы і ў падрыхтоўцы духавенства, арганізуючы душпастырскія і сацыяльныя праекты. Да гэтага часу было рэалізавана больш за 19 тысяч такіх праектаў агульнай сумай у больш за 560 мільёнаў еўра.

Арганізацыя падтрымлівае кантакты з Касцёлам у 29 краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Яна фінансуе кухні для бедных, дамы састарэлых, робіць магчымай апеку над інвалідамі.

Таксама з 1997 г. «Renovabis» праводзіць міжнародныя кангрэсы, на якіх адбываецца абмен інфармацыяй і дыскусіі пра важныя падзеі ў Касцёле і грамадстве Еўропы.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by