Апостальская Сталіца ў ААН: задача дзяржаў — кантроль за парушэннем свабоды веравызнання | Друк |
07.03.2013 15:21

У сітуацыі пераследу рэлігійных меншасцяў міжнародная супольнасць не валодае адпаведнымі інструментамі абароны іх правоў. На гэта звярнуў увагу прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры сядзібе ААН у Жэневе арцыбіскуп Сільвана Тамазі.

Удзельнічаючы ў дыскусіі на тэму свабоды веравызнання, іерарх нагадаў, што ў пераследзе рэлігійных меншасцяў нярэдка бываюць задзейнічаны і ўлады. Па словах прадстаўніка Ватыкана, існуе патрэба большай абароны рэлігійнай свабоды як у індывідуальным, так і ў групавым маштабе.

Арцыбіскуп дадаў, што свецкая дзяржава часта не застаецца нейтральнай у адносінах да існуючых рэлігійных супольнасцяў. Гэта датычыць і заходніх грамадстваў, дзе лібералізм вядзе нярэдка да выключэння рэлігіі з публічнай прысутнасці. У той жа час, па словах іерарха, задача дзяржавы — справядлівае трактаванне ўсіх рэлігійных груп і кантроль за парушэннем свабоды веравызнання. Гэтая свабода, падкрэсліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, з’яўляецца асновай дыялога і супрацоўніцтва.

(AG)

 
© 2003-2024 Catholic.by