Нунцый у Расіі: новы Пантыфік будзе ўдзяляць вялікую ўвагу экуменічным адносінам | Друк |
19.03.2013 12:16

Новаабраны Пантыфік Францішак будзе ўдзяляць вялікую ўвагу экуменічным адносінам, — лічыць Апостальскі Нунцый у Расіі арцыбіскуп Іван Юркавіч. Па словах іерарха, Папа будзе выкарыстоўваць у гэтым «экуменічны вопыт, назапашаны яшчэ ў Буэнас-Айрэсе, які, магчыма, з’яўляецца адным з самых касмапалітычных гарадоў свету».

У размове з агенцтвам «Интерфакс» арцыбіскуп Юркавіч звярнуў увагу, што за апошнія дні новы Папа «здзівіў усіх сваім уменнем наладжваць зносіны», не толькі з вернікамі, але і са СМІ.

«Мяркую, такі падыход вельмі перакананаўча даказвае, што Касцёл атрымаў у асобе новага Папы дасведчанага пастыра, здольнага слухаць свайго суразмоўцу. Я ўпэўнены, што ў тым жа духу ён будзе будаваць і адносіны ў межах дыялога з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі, асабліва з Рускай Праваслаўнай Царквой», — дадаў Апостальскі Нунцый.

Іерарх спадзяецца, што пры новым Пантыфіку развіццё адносінаў Масквы і Апостальскай Сталіцы захавае станоўчую дынаміку апошніх гадоў.

Па словах арцыбіскупа, Святы Пасад з асаблівым задавальненнем адзначыў высокі ўзровень расійскай дэлегацыі, якая ўдзельнічае ў інаўгурацыі Папы. Расію на цырымоніі прадстаўляюць спікер Дзяржаўнай Думы Сяргей Нарышкін і дэлегацыя Рускай Праваслаўнай Царквы на чале з Мітрапалітам Валакаламскім Іларыёнам.

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by