ААН разлічвае на падтрымку Касцёла і папы Францішка ў барацьбе з голадам |
| Друк | |
20.03.2013 13:54 |
Арганізацыя Аб’яднаных Нацый разлічвае ў барацьбе з голадам на падтрымку Каталіцкага Касцёла і асабіста Святога Айца. «Мы спадзяемся на папу Францішка і яго спрыянне правам і патрэбам неабароненых слаёў насельніцтва, дзяцей, жанчын і мужчын», — сказаў Генеральны дырэктар ФАО (Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН) Хасэ Грацыяна да Сілва 19 сакавіка ў Рыме.
Пантыфік запэўніў яго ў пастаяннай падтрымцы з боку Святога Пасаду бедных і барацьбе з голадам. Як інфармуе Ватыканскае радыё, Папа заявіў пра свой намер абмеркаваць гэтае пытанне падчас сустрэч з кіраўніцтвам ФАО.
Для выкаранення голаду і паляпшэння ўмоў жыцця найбольш неабароненых асоб падтрымка Святога Пасаду і іншых рэлігійных супольнасцяў мае жыццёва важнае значэнне, сказаў дырэктар ФАО. Гэтыя намаганні, лічыць ён, трэба разглядаць не толькі ў палітычным і эканамічным ключы, але і ў маральным.
Акрамя таго, кіраўніцтва Сусветнай харчовай праграмы ААН павітала першыя заявы Папы аб патрэбе абароны бедных. Каталіцкі Касцёл меў «вялікі ўплыў» на распрацоўку палітыкі, якая можа скараціць маштабы голаду ў краінах, якія развіваюцца. Аб гэтым заявіла выканаўчы дырэктар праграмы Эртарын Кузін, якая высока ацаніла намаганні новага Пантыфіка па дапамозе тым, хто ў гэтым мае патрэбу. (AG)
|