Абранне новага Папы — радасць таксама для аргенцінскіх іўдзеяў | Друк |
21.03.2013 08:06

Абранне арцыбіскупа аргенцінскай сталіцы Папам выклікала радасць не толькі ў католікаў, але і ў прадстаўнікоў іншых рэлігій у гэтай краіне, асабліва іўдзеяў. Прадстаўнікі іўдаізму спадзяюцца, што новы кіраўнік Каталіцкага Касцёла паспрыяе большаму разуменню паміж рэлігіямі.

Абрагам Скорка, рэктар аргенцінскай семінарыі для рабінаў і сябар сённяшнага Пантыфіка, у 2010 г. разам з кардыналам Хорхе Марыа Берголіа выдаў кнігу «Sobre el cielo y la tierra» («Пра неба і зямлю»). Таксама рабін напісаў уступ да кнігі «Езуіт. Размовы з кардыналам Хорхе Берголіа. Біяграфія і гісторыя». Кніга пабудавана на інтэрв’ю, якія бралі ў будучага Папы журналісты.

«Гэта чалавек вялікай адвагі, — кажа рэктар рабінскай семінарыі пра свайго сябра. — Яго адзначае пакора, характэрная для вялікіх людзей».

(AG)

 
© 2003-2022 Catholic.by